ГРОДНА
Серада,
29 мая
2024 года
 

Парафіі і святыні

Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мураванай Ашмянцы

Парафіі і святыні

Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Найсвяцейшай Тройцы) быў заснаваны ў 1790 г. каралеўскім шамбелянам і ашмянскім падкаморыем Ігнацыем Важынскім, мясцовым землеўладальнікам. Сёняшняя традыцыя лічыць датай заснавання парафіі 1650 г., датай пабудовы касцёла – 1790 г.
    У 1841 г. на сродкі Марціна Важынскага і ў 1874 г. на сродкі Караля Важынскага святыня, узведзеная ў цэнтры вёскі, была рэканструявана.
    З таго часу касцёл уяўляе сабой драўляны на каменным падмурку зальны аб’ем з трансептам, які пераходзіць у прэзбітэрый з трохграннай алтарнай часткай. Сакрыстыя прыбудавана з заходняга боку да апсіды. Пры рэканструкцыі ў ХIХ ст. да галоўнага фасада дабудаваны нартэкс з хорамі над ім і прыбудова да ўсходняга бакавога фасада. Двухсхільны дах з вальмамі над алтаром увенчаны невялікімі шлемападобнымі вежачкамі: васьміграннай над уваходам і чатырохграннымі над франтонамі трансепта. Зала, капліцы трансепта і прэзбітэрый перакрыты люстранымі скляпеннямі. Арка прэзбітэрыя ўмацавана бэлькай, характэрнай для касцёльнага дойлідства XVII ст. У галоўным алтары, выкананам у стылі ман’ярызм, змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы. Бакавыя алтары знаходзяцца ў крылах трансепта: левы – Маці Божай, правы – Езуса Міласэрнага. Над нартэксам зроблены хоры з арганам.
 

Касцёл св. апостала Якуба ў Цудзенішках

Парафіі і святыні

Дэканат Ашмяны
Паводле архіва Гродзенскай дыяцэзіі
Касцёл пад тытулам св. апостала Якуба заснаваны ў пачатку XVII ст. У 1628 г. на сродкі пана Аляксандра Клоцкага было скончана аздабленне мураванай святыні. Гэта быў зальны храм у стылі рэнесанс з падоўжанай паўкруглай апсідай і адзінай сакрыстыяй пры ёй. Столь у зале плоская падшыўная, над прэзбітэрыем знаходзіцца цыліндрычнае скляпенне з конхай, упрыгожанае паліхромнымі размалёўкамі. У інтэр’еры 3 алтары: галоўны – св. Якуба, левы бакавы – св. Юзафа, правы – Маці Божай Вастрабрамскай.
    Да ХIХ ст. Цудзенішская парафія ўваходзіла ў склад Віленскага, потым – Ашмянскага дэканата. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, будынак якой быў знішчаны пажарам у 1798 г.
    У 1866 г., на хвалі рэпрэсій пасля разгрому паўстання К. Каліноўскага, касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства. Пры пераабсталяванні пад царкву да галоўнага фасада была дабудавана вежа-званіца ў рэтраспектыўна-рускім стылі. У 1920-я гг. святыня зноў стала каталіцкай, у 1929 г. быў распрацаваны праект рэканструкцыі касцёла (праект знаходзіцца ў архіве парафіі), аднак да рэалізацыі справа не дайшла. У той час у парафіі было каля 2500 вернікаў, капліц не было.
    У савецкі час пастаяннага ксяндза ў парафіі не было, але касцёл не разрабавалі. З 1980-х гг. сталыя набажэнствы аднавіліся, а з 2011 г. пробашчам у Цудзенішках з’яўляецца кс. Павел Ствол.
   

Касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне

Парафіі і святыні

Касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля ў ГроднеДэканат Гродна-Усход
У 1993 г. у мікрараёне Дзевятоўка ў Гродне, нягледзячы на тое, што вакол гэтага месца тады было поле, паўстала новая парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля. Першым пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Ян Зубель, які паклапаціўся пра пляц пад будаўніцтва касцёла і пра падрыхтоўку яго архітэктурных планаў. Улетку 1994 г. на скрыжаванні вул. Курчатава і Ліможа гэты пляц быў асвечаны, таксама была пабудавана часовая капліца, асвечаная 28 жніўня 1994 г. пад тытулам Найсвяцейшага Адкупіцеля. У ёй да снежня 2009 г. праводзіліся ўсе набажэнствы. 22 снежня 1996 г. адбылося першае набажэнства Няспыннай Навэнны перад абразом Маці Божай Няспыннай Дапамогі, змешчаным у капліцы. З таго часу набажэнства Навэнны збірае вернікаў кожную сераду. У 1997 г. дырэктар “Радыё Марыя” перадаў фігуру Маці Божай Фацімскай у капліцу на Дзевятоўцы.
   

Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы

Парафіі і святыні

Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў ПарэччыДэканат Гродна-Усход
Драўляны касцёл у неагатычным стылі быў тут узведзены ў 1904 – 1906 гг. намаганнямі дэкана кс. Юліяна Эллерта і мясцовых вернікаў. Спачатку святыня была далучана ў якасці філіі да парафіі гродзенскага касцёла св. Францішка Ксаверыя. У 1919 г. Парэчча атрымала статус самастойнай парафіі, а касцёл быў пашыраны і ўпрыгожаны (былі дабудаваны капліцы, якія ўтварылі трансепт, і галоўны фасад), што дадало неагатычнаму вобліку святыні рысы стылю мадэрн. Колькасць парафіян перад Другой сусветнай вайной перавышала 3800.
   У савецкія часы святыня дзейнічала. У 1970-я гг. яна атрымала статус помніка эклектычнай архітэктуры з рысамі неаготыкі. Касцёл крыжападобны ў плане з пяціграннай апсідай. Крылы трансепта таксама маюць пяцігранныя планы. У левым крыле змешчана сакрыстыя, у правым – капліца св. Антонія. Асноўны аб’ём святыні перакрыты двухсхільным дахам, апсіда і крылы трансепта – вальмавымі. Усе зрубы накрыты рознавялікімі вальмавымі дахамі. Кампазіцыю завяршаюць 4 шатровыя сігнатуркі па канцах крыжастага аб’ёму і трошкі большая над сяродкрыжжам.
   

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа Рамесніка ў Скідзелі

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Усход
Горад Скідзель вядомы з пачатку XVI ст. як вялікакняжацкі (пазней каралеўскі) двор з воласцю ў Гродзенскім павеце ВКЛ. З 1796 г. да 1939 г. Скідзельская сядзіба належала знакамітаму роду Чацвярцінскіх. На тэрыторыі свайго сядзібнага комплексу, які знаходзіўся на паўночна-ўсходняй ускраіне мястэчка, Чацвярцінскія і пабудавалі ў 1870 г. з чырвонай вонкавай цэглы невялікую святыню ў неагатычным стылі, якую мясцовыя жыхары называлі “княжацкі касцёл” і якая была асвечана пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і як капліца далучана да парафіі Кашубінцы.
    Касцёл – прамавугольная ў плане святыня з пяціграннай апсідай і адзінай сакрыстыяй. Галоўны фасад фланкаваны дзвюма круглымі вежамі-званіцамі. Касцёл накрыты двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над апсідай. Залавы інтэр’ер перакрыты зоркавымі неагатычнымі скляпеннямі. У галоўным алтары ізноў змешчаны тытульны абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, намаляваны ў 1991 г.
   

Старонка 20 з 30:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  216

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.