О Марыя, без граху першароднага зачатая!
Гэтая таямніца паказвае асаблівую ролю Маці Божай, а таксама сведчыць пра тое, што Бог дапамагае кожнаму чалавеку справіцца з пастаўленымі Ім задачамі.
Што такое беззаганнае зачацце?
Беззаганнае зачацце Марыі выражае ісціну аб тым, што Бог захаваў дачку Яўхіма і Ганны ад першароднага граху, таму што павінна была ў будучым стаць Маці Яго Сына. Гэта выключны і адзіны ў гісторыі свету выпадак. Нельга атаясамліваць беззаганнае зачацце Марыі з Яе нявінным зачаццем Езуса Хрыста ад Святога Духа. Божае ўмяшанне ў выпадку Найсвяцейшай Панны не заключалася ў замяшчэнні дзеяння бацькоў, але ў захаванні Яе душы ад наступстваў першароднага граху, дзякуючы чаму Яна дасягнула асаблівай блізкасці з Усемагутным, магла ва ўсім Яму даверыцца. †