ГРОДНА
Нядзеля,
28 красавіка
2024 года
 

Хрысціянскія традыцыі

Аплаткавыя сустрэчы

Хрысціянскія традыцыі

Тыдзень таму перажывалі ўрачыстасць Божага Нараджэння. Незаўважна мінула і актава свят. Але калядны час прадаўжаецца і будзе трываць аж да свята Ахвяравання Пана. Па традыцыі ў гэты перыяд вернікі ладзяць аплаткавыя сустрэчы. Прыгожы звычай аб’ядноўвае не толькі родных і блізкіх, але і сяброў, калег, супольнасці… Людзей звязвае вера ў Збаўцу, які прыйшоў у свет каля дзвюх тысяч гадоў таму.
Усе ламаюцца аплаткай, якая сімвалізуе Цела Хрыста. Тым самым сабраныя сведчаць аб тым, што Езус прысутны сярод іх: “Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (Мц 18, 20).
    Дзяленне аплаткай азначае, што людзі хочуць быць разам, жыць у міры і згодзе, з пакорай прымаючы ўсе радасці і нягоды. Перапрашаюць адзін аднаго, прабачаюць, складаюць сардэчныя пажаданні.
    Традыцыя бярэ пачатак з Апошняй вячэры i культывуецца на яе памяць. Як некалі Збаўца, разламаўшы хлеб, звярнуўся да апосталаў са словамі: “Бярыце і ешце, гэта Цела Маё” (Мц 26, 26), – так і мы па прыкладзе Езуса павінны дзяліцца сабою з бліжнімі. Хрысціяніну належыць быць як “хлеб штодзённы” – наталяць голад патрабуючых. Пра гэта нагадвае само слова “аплатка”, якое паходзіць ад лацінскага “oblatum”, або “ахвярны дар”. І як хлеб – гэта асноўная, штодзённая ежа чалавека, так “харчаваннем” для верніка з’яўляецца любоў. А калі ёсць хлеб і любоў, для перажывання дня гэтага дастаткова.
 

Як ствараюцца аплаткі?

Хрысціянскія традыцыі

Кожны год падчас свят Божага Нараджэння мы дзелімся аплаткай. Яна вандруе з рук у рукі разам з пажаданнямі і словамі паяднання. Аднак у перадсвяточнай ліхаманцы мала хто задумваецца, адкуль на нашых сталах бярэцца вігілійны хлеб, хто яго робіць і як цяпер выглядае яго выпяканне.
    Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, прапануем зазірнуць у аплаткарню сясцёр назарэтанак у Навагрудку.
Першыя “навагрудскія” аплаткі пачалі выпякацца яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Шмат вады ўцякло з таго часу. Ручное замешванне цеста адышло ў нябыт. Замест цяжкіх жалезных шчыпцоў з’явіліся сучасныя машыны. Аднак нязменным застаўся смак вігілійных аплатак, паколькі яны і надалей выконваюцца паводле традыцыйнай рэцэптуры. “Яны робяцца з той жа субстанцыі, як і тыя, што ўжываюцца падчас св. Імшаў, – распавядае с. Іерамія Кулікоўская CSFN, якая раней працавала ў аплаткарні. – Гэта род хлеба, спечанага з белай, старанна прасеянай пшанічнай мукі і вады без выкарыстання дадаткаў і кансервантаў. Сёстры вырабляюць тысячы вялікіх і малых аплатак памерамі 10х18 ці 6х10 сантыметраў. Яны прыдатныя да ўжывання на працягу 12-ці месяцаў ад моманту прыгатавання”.
   

Адкуль узяўся звычай ламацца аплаткай?

Хрысціянскія традыцыі

Калісьці выпяканнем аплатак маглі займацца выключна манаскія супольнасці. Толькі ў XVII стагоддзі кожная парафія атрымала такое права. Дапамагалі і актыўныя свецкія вернікі. Напрыклад, у Беларусі ў савецкія часы арганісты, закрыстыяне і іх памочнікі рабілі аплаткі ў сваіх дамах, а потым раздавалі іх парафіянам. У той час прыладай для выпякання былі прамавугольныя цяжкія жалезныя шчыпцы, якія называлі “жалезамі” ці “жалезкамі”. На ўнутранай старане формы выбіваліся розныя знакі – рэлігійныя сімвалы. На шчыпцах адлюстроўваліся сцэны, звязаныя з Божым Нараджэннем: Дзіцятка Езус у ясельках, Маці Божую, Святога Юзафа і анёлаў, што адаруюць Немаўля, а таксама вала і асла, якія, згодна з легендай, таксама былі ў бэтлеемскім хляве. Паміж жалезнымі пласцінамі ўлівалі цеста, сціскалі шчыпцы і клалі іх у жар. Праз некалькі хвілін вымалі гатовую аплатку, аздобленую адціснутым узорам, і нажом выраўнівалі краі. Абрэзкі, што з’яўляліся такім чынам, былі вялікім прысмакам для дзяцей.
Традыцыя ламання аплаткай сягае каранямі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Першапачаткова яна не была звязана з Божым Нараджэннем, а сімвалізавала духоўную камунію членаў супольнасці. З часам на вігілійную св. Імшу вернікі сталі прыносіць хлеб, якім пасля бласлаўлення дзяліліся. Яго забіралі дамоў для хворых ці тых, хто па розных прычынах не быў у касцёле, а таксама перасылалі родным і знаёмым. Гэтая практыка пачала знікаць у ІХ стагоддзі.
   

Адвэнт. Перажывём гэты час добра

Хрысціянскія традыцыі

Перш чым увойдзем у прыгожы літургічны перыяд, давайце засяродзімся над тым, як яго перажыць найлепш. Якім чынам падрыхтавацца да Божага прыходу: не толькі святочнага, але і таго, які хрысціянін павінен чакаць з вялікім жаданнем у кожны момант – апошняга?
Адкрыць сваё сэрца
    Бог чакае кожнага чалавека, як Адама ў раі. Кліча, як Закхея са смакоўніцы. “Хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме” (Лк 19, 5). Езус хоча ўвайсці не толькі ў наш дом – ва ўсё жыццё.
    Адвэнт неабходны для таго, каб адкрыць сэрца на прагу быць побач з Богам, як Закхей. Не зусім зразумела, як гэта зрабіць? Спосаб вельмі просты – заплануем час на добрую споведзь і адпаведна да яе падрыхтуемся.
   

Вастрабрамская Маці здаўна аберагае гродзенскія землі

Хрысціянскія традыцыі

Многія касцёлы на Гродзеншчыне прысвечаны Маці Божай Вастрабрамскай, культ якой моцна ўкаранёны ў сэрцах мясцовых вернікаў

16 лістапада – урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. На працягу 25-ці гадоў Яна апекуецца Гродзенскай дыяцэзіяй як галоўная заступніца.
Цудатворны абраз Маці Міласэрнасці займае цэнтральнае месца ў многіх дамах нашай краіны. Гэта адна з нешматлікіх выяў, дзе Марыя прадстаўлена адна, без свайго Боскага Сына, што трапна заўважыў св. Максімільян Кольбэ і склаў малітву:
    “Маці Божая Вастрабрамская,
    Ты не маеш на руках Дзіцятка Езус,
    дык вазьмі мяне на рукі
    і пранясі шчасліва праз усё жыццё”.
   

1 лістапада – урачыстасць Усіх Святых

Хрысціянскія традыцыі

Кожны мае права
   быць святым

    У гэты дзень Касцёл успамінае ўсіх тых, хто выконваў у сваім жыцці Божую волю і атрымаў за гэта вечнае шчасце побач з Панам. Гаворка не толькі аб прызнаных святых (беатыфікаваных і кананізаваных), але і аб усіх памерлых верніках, якія ўжо дасягнулі збаўлення. Яны могуць не мець свайго месца на алтарах, у Імшале, літаніі, але ўжо знаходзяцца ў небе. Таму дзень Усіх Святых яшчэ можна параўнаць з Магілай невядомага салдата. Сімвалічнае пахаванне, што крые цела ананімнага байца, з’яўляецца месцам памяці безыменных герояў. Падобным чынам 1 лістапада праслаўляем “неафіцыйных” святых: не вынесеных Касцёлам да хвалы алтара, але ўзнесеных Панам у неба. Іх поўны спіс вядомы толькі Усемагутнаму.
    Гэтая ўрачыстасць павінна пабуджаць чалавека да разважання, як імкнуцца да святасці. Бо кожны, хто праз сакрамант святога хросту стаў дзіцём Пана Бога, запрошаны рэалізаваць у жыцці Яго словы: “Асвячайце сябе і будзьце святымі, бо Я святы, Пан, Бог ваш!” (Лев 20, 7).
    Святы той, хто любіць Бога і блізкіх, сумленна і старанна выконвае сваю працу з той кампетэнтнасцю, на якую ў дадзены момант здольны, жыве Евангеллем не ў прыгожых словах, а ў канкрэтных учынках. Дасягнуць святасці можа кожны. Трэба толькі браць прыклад з Езуса Хрыста і жыць так, як Ён вучыў, кіруючыся любоўю, супакоем, прабачэннем.
   

2 лістапада – успамін усіх памерлых вернікаў

Хрысціянскія традыцыі

Шлях да збаўлення нялёгкі, таму не ўсім пасля смерці шчасціць адразу трапіць у небаПадзякаваць за дабро
    У другі дзень лістапада людзі накіроўваюцца (па меншай меры ў думках) на могілкі. Шукаюць там прозвішчы знаёмых, якіх правялі на гэтае месца спачыну ўжо даўно ці ў апошнія месяцы, тыдні, дні. Менавіта на могілках без лішніх сведкаў, узнёслых слоў, мудрых прамоў мы выказваем сваю простую ўдзячнасць тым, каго ўжо няма побач. У цішыні ападаючага восеньскага лісця, падмарожанага першымі замаразкамі, у мігценні палаючых лампадак прагнем падзякаваць за дабро, якое нам перадалі, вартасці, якія абаранялі з вялікай адданасцю, веру, якую сцераглі, любоў, якой былі верныя, і надзею, якую не згубілі.
    Засяроджваемся таксама і на сваім жыцці. Тут, як ні ў адным іншым месцы, узгадваем словы велікапоснага пакутнага звароту: “Памятай, што ты – прах і ў прах вернешся”. Усведамляем праўду аб смерці і неабходнасць нястомнага вяртання да Пана. Менавіта на могілках разумеем, што павінны клапаціцца пра сваю несмяротную душу, якая мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
    Няхай сёлетні Задушны дзень будзе нагодай ажывіць веру і ўмацаваць духоўную сувязь з тымі, хто ўжо адыйшоў з гэтага свету і чакае нашай духоўнай дапамогі.
   
1–8 лістапада за набожнае наведванне могілкаў і малітву за памерлых можна атрымаць поўны адпуст.
   

Старонка 15 з 21:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  248

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.