Чым дэпрэсія адрозніваецца ад духоўнага крызісу?
Трэба таксама разумець, што не кожнае праяўленне суму, дрэннага настрою, стомленасці ці прыгнечанасці – сімптом дэпрэсіі. Людзі часам вельмі глыбока і інтэнсіўна перажываюць унутры сябе нейкія жыццёвыя праблемы, выпрабаванні, няшчасці, няўдачы, канфлікты. Часта з падобных сітуацый чалавек выходзіць пераможцам, яшчэ больш моцным, чым раней. Але здараецца і так, што празмерныя перажыванні або праблемы прыводзяць менавіта да дэпрэсіі. Калі хтосьці заўважае, што ў бліжняга працяглы час адсутнічае радасць да жыцця, жаданне што-небудзь рабіць, і ўсё гэта адначасова суправаджаецца фізічнымі сімптомамі розных хвароб (напрыклад, болем у вобласці грудной клеткі, расстройствам страўніка), то гэта выразная прыкмета дэпрэсіі. У яе лёгкіх станах можа дапамагчы простая змена ладу жыцця, нават звычайны шпацыр, адпаведная дыета, кантакт з сябрамі або нейкая праца. Аднак вельмі часта не абыходзіцца без дапамогі спецыяліста і фармакалагічнага лячэння.†