Што сказаць пра тых, хто не стрымаў сужэнскай клятвы?
кс. Андрэй Радзевіч
01 лістапада 2009
|

Што сказаць пра тых, хто не стрымаў сужэнскай клятвы, якую яны давалі перад Богам і мужам (ці жонкай) і заключылі новы грамадзянскі сужэнскі саюз?
Тут трэба ўдакладніць некаторыя аспекты. Асоба, якая заключыла новае несакрамэнтальнае сужэнства, не можа (згодна з дзейным заканадаўствам Касцёла) прымаць святыя сакрамэнты. Касцёльнае права практычна пазбаўляе асобы, якія жывуць у несакрамэнтальных сужэнскіх саюзах, магчымасці зрабіць сакрамэнтальным заключаны новы саюз, а ў выніку па-за пэўнымі выключэннямі не даруе грахі такім асобам і не дапускае іх прыняць св. Камунію. Гэта не якое-небудзь пакаранне такіх людзей Касцёлам, а негатоўнасць іх прыняць сакрамэнты, абумоўленая паставай саміх асобаў, якія жывуць у несакрамэнтальным саюзе. Яны, знаходзячыся пастаянна ў стане граху, не здольны прыняць дараванне грахоў у сакрамэнце Пакуты, таму што не выконваюць умовы споведзі: цвёрдае пастанаўленне выправіцца ў лепшы бок, а таму не могуць прыняць св. Камунію. †
Ці Касцёл пагаджаецца з несакрамэнтальнымі саюзамі?
кс. Андрэй Радзевіч
16 кастрычніка 2009
|

Ведаючы сітуацыю гэтых людзей, напэўна, нельга тут гаварыць пра віну Касцёла. Не можа ён (і гэта трэба ясна сказаць) адмовіцца ад збаўчых вартасцяў і ад місіі, даверанай яму Хрыстом. У Божым плане сужэнства – неразрыўнае. У сваім навучанні Езус проціпастаўляючы тэндэнцыям да разводаў, спасылаецца на план Творцы, сцвярджае: “Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае” (Мц 19, 6) і аб’яўляе, што сужэнская сакрамэнтальная сувязь з’яўляецца знакам вернага і вечнага адзінства Бога з чалавецтвам. А саюз, які не з’яўляецца сапраўдным сужэнствам, Езус называе вельмі рэзка: распустай: “Кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства” (Мц 5, 32). †