Слова для Жыцця (180)
Вядома, што бацька падману, д’ябал, заўсёды выбірае падзелены і сварлівы люд. Ён майстар падзелу і баіцца асоб, якія вучацца працаваць разам. Гэта крытэрый для адрознення людзей: будаўнікоў мастоў і будаўнікоў сцен. Будаўнікі сцен, якія сеяць страх, спрабуюць раздзяліць і напалохаць. Вы ж хочаце быць будаўнікамі мастоў. Вучыце нас, што сустрэча не азначае таго, што ўсе мы павінны пераймаць адно аднаго, думаць і жыць аднолькава, паўтараць тыя самыя рэчы – так робяць папугаі. Сустрэцца – значыць умець рабіць штосьці іншае – увайсці ў культуру сустрэчы. Гэта пакліканне і запрашэнне быць адважнымі, каб падтрымліваць супольную мару, да якой імкнёмся. І яна не перакрэслівае нас, а ўзбагачае. Гэта цудоўная мара, здольная задзейнічаць усіх. Мара, дзеля якой Езус аддаў сваё жыццё на крыжы, а Святы Дух сышоў і агнём Пяцідзесятніцы пазначыў сэрца кожнага мужчыны і жанчыны, тваё і маё сэрца, у надзеі, што ў ім знойдзе месца, каб расці і развівацца.
Фрагмент прамовы падчас адкрыцця СДМ у Панаме, 24.01.2019 †