ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Слова для Жыцця

Слова для Жыцця (159)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Касцёл, будучы таямніцай адзінства, злучаецца з ахвярай Хрыста і Яго заступніцтвам. У гэтым святле ў катакомбах Касцёл часта прадстаўляецца ў постаці жанчыны, якая моліцца з шырока распасцёртымі рукамі, у постаці “аранты”. Касцёл моліцца... У адным з фрагментаў Дзеяў Апосталаў гаворыцца, што калі Пётр быў у вязніцы, “Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога” (параўн.: Дз 12, 5). Касцёл, які моліцца... Таму калі мы ідзём на св. Імшу, то ідзём менавіта для гэтага: каб Касцёл маліўся. Як Хрыстос, які распасцёр свае рукі на крыжы, так і Касцёл – праз Яго, з Ім і ў Ім – прыносіць сябе ў ахвяру і заступаецца за ўсіх людзей. […] У эўхарыстычнай малітве ніхто і нішто не забываецца, усё даходзіць да Бога. […] І калі я ці мае родныя знаходзяцца ў патрэбе або хтосьці блізкі перайшоў з гэтага свету ў іншы, магу ўзгадаць аб гэтым пра сябе, у маўчанні, або напісаўшы імя патрабуючага, каб тое было далучана да малітвы.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 07.03.2018  
 

Слова для Жыцця (158)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Спыніся, паглядзі і навярніся […]. Затрымайся на хвіліну перад тым, як акінуць гордым позіркам, зрабіць мімалётную і прыніжальную заўвагу, якая нараджаецца з забыцця аб чуласці, літасці і павазе да сустрэчы з іншымі, асабліва слабымі, зраненымі, а таксама ўцягнутымі ў грэх і памылкі. Затрымайся на хвіліну перад імкненнем усё кантраляваць, усё ведаць, усё знішчыць, якое нараджаецца з забыцця аб удзячнасці за дар жыцця і за мноства атрыманага дабра. Затрымайся на хвіліну перад аглушальным шумам, які аслабляе і ашаламляе нашыя вушы, прымушаючы забыцца аб плённай і творчай моцы маўчання. Затрымайся на хвіліну перад стаўленнем, якое спрыяе бясплодным і непрадуктыўным думкам, што ўзнікаюць з ізаляцыі або жалю да сябе і вядуць да забыцця аб тым, што трэба выходзіць насустрач іншым, каб дзяліць з імі цяжкасці і цярпенні. Затрымайся на хвіліну перад пустатой усяго імгненнага, кароткачасовага і мімалётнага, якое пазбаўляе нас каранёў, сувязей, каштоўнасці дарогі і ўмення заўсёды быць пілігрымамі. Затрымайся, каб глядзець і сузіраць!
Фрагмент гаміліі, прамоўленай у Папяльцовую сераду ў рымскай базіліцы св. Сабіны, 14.02.2018  
   

Слова для Жыцця (157)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Зноў набліжаецца Пасха Пана! Каб падрыхтавацца да яе, кожны год Божы Провід дае вернікам Вялікі пост – “сакраментальны знак нашага навяртання”, які прадвяшчае і рэалізуе магчымасць навярнуцца да Пана цэлым сэрцам і ўсім жыццём.
    У гэтым годзе я прагну дапамагчы Касцёлу радасна і па-сапраўднаму перажыць гэты час ласкі; а натхняюся ў тым словамі Езуса:
    “А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне” (Мц 24, 12). [...] Я хацеў бы, каб мой голас выйшаў за межы Каталіцкага Касцёла і дасягнуў усіх Вас, мужчыны і жанчыны добрай волі, адкрытыя на Бога. Калі Вы, як мы, засмучаныя распаўсюджваннем зласлівасці ў свеце, калі Вас турбуе заледзяненне, якое паралізуе сэрца і дзеянні, калі Вы бачыце, што слабне пачуццё агульнай чалавечнасці, далучыцеся да нас, каб разам маліць Бога, пасціцца і разам, наколькі можам, дапамагаць братам!
Фрагмент паслання на Вялікі пост 2018  
   

Слова для Жыцця (156)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Езус пакінуў у дар Касцёлу сваю моц аздараўлення: “Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: […] На хворых будуць ускладаць рукі, і яны выздаравеюць” (Мк 16, 17–18). У Дзеях Апосталаў чытаем апісанне аздараўленняў, здзейсненых Пятром (параўн.: 3, 4–8) і Паўлам (параўн.: 14, 8–11). Адказ на дар Езуса – заданне Касцёла, які ведае, што павінен ахінаць хворых такім жа, як яго Пан, позіркам, поўным пяшчоты і спачування. Душпастырства службы аховы здароўя ёсць і назаўсёды застанецца неабходнай і важнай задачай, якую трэба рэалізаваць з пастаянна новым запалам, пачынаючы з парафіяльных супольнасцей ажно да найлепшых цэнтраў аховы здароўя. Не можам не ўзгадаць пра чуласць і настойлівасць, з якімі многія сем’і апекуюцца сваімі дзецьмі, бацькамі і сваякамі, хранічна хворымі ці з сур’ёзнай інваліднасцю. Апека, аказваемая ў сям’і, з’яўляецца незвычайным сведчаннем любові да чалавечай асобы і павінна акружацца адпаведным прызнаннем і падтрымлівацца адпаведнай палітыкай. Таму ўрачы і медсёстры, святары, кансэкраваныя асобы і валанцёры, члены сем’яў і ўсе, хто займаецца апекай над хворымі, удзельнічаюць у гэтай місіі Касцёла. Маем справу з супольнай адказнасцю, якая ўздымае вартасць штодзённай паслугі кожнага.
Фрагмент паслання Святога Айца на XXVI Сусветны дзень хворых  
   

Слова для Жыцця (155)

Слова для Жыцця

oikumena   “Правіца Твая праслаўлена моцаю” (Зых 15, 6)
      Матэрыялы на сёлетні Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян былі падрыхтаваны Касцёлам на Карыбах. Інтэгральнай часткай цэлебрацыі малітоўнага набажэнства з’яўляюцца Біблія і 3 камплекты ланцугоў.
    Біблія была для каланізатараў на Карыбах падставай для падпарадкавання мясцовых жыхароў гэтых земляў і пашырэння нявольніцтва, з другога боку – стала крыніцай суцяшэння і вызвалення для многіх, хто цярпеў уціск і быў эксплуатаваны. Кайданы з’яўляюцца моцным сімвалам зняволення, дэгуманізацыі і расізму. Яны з’яўляюцца таксама знакам улады граху, які аддзяляе людзей ад Бога і адзін ад аднаго.
    “Хто захоўвае слова Хрыста, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая. Дзякуем Стварыцелю за нашу хрысціянскую спадчыну і за Яго вызваляючае і збаўчае дзеянне ў чалавечай гісторыі. Пакорна просім, Пане, каб дзякуючы Тваёй ласцы Цэрквы ва ўсім свеце сталі прыладамі міру. Праз іх супольную дзейнасць, як паслоў і пасрэднікаў Твайго аздараўлення, а таксама яднаючай любові сярод падзеленых народаў, няхай Тваё Імя будуць свяціць і любіць. Aмэн”.

З матэрыялаў, падрыхтаваных на Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян (18–25 студзеня 2018 г.)
   

Слова для Жыцця (154)

Слова для Жыцця


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Для ўсіх нас, кім бы ні былі, ззяе Бэтлеемская зорка. Давайце прымем Бога ў свае дамы і сэрцы. Няхай Ён раз’- ясняе ўсе змрокі нашага жыцця і кіруе намі. Давайце па прыкладзе пастушкоў расказваць іншым пра тую радасць, якую перажываем, да якой дакрануліся гэтай ноччу. Нельга пакідаць яе толькі для сябе...
    Заўважце, што з моманту нараджэння Пана Езуса наша жыццё набыло сэнс. Людзі не жывуць проста для таго, каб жыць, каб забіць час. Трэба ўсведамляць, што Бог падумаў пра кожнага з нас, бо Яго Слова прыйшло ў свет, каб усе мы былі братамі і сёстрамі Пана Езуса і жылі так, як Ён: на славу Божую і на карысць людзям.
    Трэба памятаць, што жыццё чалавека не бессэнсоўнае. Яно нібы старонка 5-га Евангелля. Іх 4, але яшчэ адно – вялікае, 5-ае – пішуць людзі: кожны з нас з’яўляецца адной са старонак гэтага Евангелля. Часам такая старонка можа быць пустой, можа быць бруднай, парванай, затаптанай... А можа быць і прыгожай, падобнай на сярэднявечныя рукапісы, поўныя цудоўных колераў і гармоніі, якой чалавек захапляецца.

Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас св. Імшы Пастэркі ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе, 24.12.2017
   

Слова для Жыцця (153)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Некаторыя секулярызаваныя грамадствы згубілі хрысціянскі сэнс нядзелі, асвечанай Эўхарыстыяй. Гэта грэх. У іх неабходна ажывіць гэтую свядомасць, аднавіць значэнне свята, значэнне радасці, парафіяльнай супольнасці, салідарнасці, адпачынку, які ўмацоўвае душу і цела. Настаўніцай усіх гэтых каштоўнасцей з’яўляецца Эўхарыстыя. [...] Што можам адказаць тым, хто сцвярджае, што не важна хадзіць на св. Імшу, нават у нядзелю, а важна толькі быць добрымі, любіць бліжняга? Гэта праўда, што якасць хрысціянскага жыцця вымяраецца здольнасцю любіць, як казаў Езус: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 35). Але як можам практыкаваць Евангелле, не чэрпаючы з нядзелі ў нядзелю неабходныя для гэтага сілы з невычэрпнай крыніцы Эўхарыстыі? Мы ідзём на св. Імшу не каб даць штосьці Богу, але каб атрымаць ад Яго тое, у чым пасапраўднаму маем патрэбу.

Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 13.12.2017
 
   

Слова для Жыцця (152)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Будаванне культуры сустрэчы і супрацоўніцтва патрабуе чагосьці большага, чым толькі талерантнасці. Патрабуе ад нас працягнутай рукі, даверу і зразумення. […] Гэта дазваляе распачаць дыялог жыцця, а не толькі абменьвацца думкамі. Вымагае добрай волі і прыняцця. Але не належыць блытаць таго з абыякавасцю ці стрыманасцю ў выражэнні сваіх глыбокіх перакананняў. Плённа ўзаемадзейнічаць з іншымі – значыць дзяліцца рознымі рэлігійнымі і культурнымі ідэнтычнасцямі заўсёды пакорна, сумленна і з павагай.
    Адкрытасць сэрца з’яўляецца той пілігрымкай, якая вядзе да пошуку дабра, справядлівасці і салідарнасці. Падштурхоўвае клапаціцца аб карысці для нашых бліжніх. У Пасланні да Рымлянаў св. Павел нагадваў: “Не дай злу сябе перамагчы, але перамагай зло дабром” (Рым 12, 21). Гэта пастава, якую мы ўсе можам пераймаць. Рэлігійны клопат пра дабро нашых бліжніх, што выплывае з адкрытага сэрца, цячэ, як вялікая рака, заліваючы бясплодныя, пустынныя землі нянавісці, карупцыі, убоства і насілля, якія так моцна знішчаюць людское жыццё, раздзяляюць сем’і і нявечаць дар стварэння.

Фрагмент прамовы падчас Міжрэлігійнай экуменічнай сустрэчы ў Бангладэш, 01.12.2017
 
   

Слова для Жыцця (151)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Ці можна “нарадзіцца нанова”? Ці магчыма зноў адчуваць смак, радасць, захапленне жыццём, нават перад абліччам шматлікіх трагедый? Гэта фундаментальнае пытанне для нашай веры і жаданне кожнага сапраўднага верніка: прагненне нарадзіцца зноў, перажыць радасць пачатку з чыстага ліста. Ці маем мы тое жаданне? Ці хочам пастаянна нараджацца нанова для сустрэчы з Панам? Ці маеце Вы гэта жаданне? Насамрэч, яго можна з лёгкасцю згубіць па прычыне празмернай актыўнасці, вялікай колькасці праектаў, якія трэба ажыццявіць. У выніку астаецца мала часу і мы губляем з вачэй тое, што аказваецца фундаментальным: наша ўнутранае, духоўнае жыццё, жыццё, якое з’яўляецца сустрэчай з Панам у малітве.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 15.11.2017  
   

Слова для Жыцця (150)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Мы не павінны думаць пра бедных, як пра адрасатаў міласэрных учынкаў валанцёраў, якія робяць гэта раз на тыдзень, ці адмысловых жэстаў добрай волі з нашага боку, што маюць на мэце супакойванне сумлення. Такі досвед, хоць часта важны і карысны для павышэння дасведчанасці аб патрэбах братоў і для паказу несправядлівасці, што ляжыць у іх аснове, усё ж павінен весці нас да сапраўднай сустрэчы з убогімі, а таксама да дзялення, якое павінна стаць стылем жыцця. Малітва, учынкі на шляху вучня і навяртанне знаходзяць у супольнай любові пацвярджэнне сваёй евангелічнай аўтэнтычнасці. Менавіта там нараджаецца таксама радасць і душэўны супакой, бо ўласнай рукой асоба дакранаецца да Цела Хрыста... Таму мы закліканы падаць руку бедным, сустрэцца з імі, зазірнуць ім у вочы, прытуліць, каб адчулі цеплыню любові, якая пераламвае кола адзіноты. Іх далонь, выцягнутая ў наш бок, з’яўляецца своеасаблівым запрашэннем выйсці са сваёй зоны ўпэўненасці і камфорту і распазнаць каштоўнасць, якую ўбоства мае само ў сабе.
Фрагмент з паслання Святога Айца на І Сусветны дзень убогіх  
   

Слова для Жыцця (149)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Смерць агаляе жыццё. Дазваляе ўбачыць, што нашы ўчынкі, натхнёныя пыхай, гневам, нянавісцю, былі марнасцю. Мы з горыччу разумеем, што недастаткова любілі і не шукалі таго, што насамрэч істотнае. І наадварот, бачым тое, што па-сапраўднаму добрае пасеялі: любімых людзей, дзеля якіх рабілі вялікія ахвяры, і якія зараз клапоцяцца пра нас.
    Езус асвяціў таямніцу смерці. Сваім стаўленнем Ён дазволіў нам адчуваць сябе засмучанымі, калі адыходзіць блізкая асоба. Хрыстос глыбока ўзрушыўся перад магілай Лазара і “заплакаў” (параўн.: Ян 11, 35). Мы адчуваем, што ў гэтым учынку Езус вельмі нам блізкі, што Ён наш брат.
    Зараз я заклікаю ўсіх Вас закрыць вочы і падумаць пра хвіліну сваёй смерці. Кожны няхай уявіць той момант, які наступіць, калі Хрыстос возьме за руку і скажа: “Ідзі, ідзі са Мной, устань”. Тут закончыцца надзея і пачнецца рэальнасць. Рэальнасць жыцця. Падумайце добра: сам Езус прыйдзе да кожнага з нас са сваёй пяшчотай, лагоднасцю, любоўю. І няхай кожны паўторыць у сэрцы словы Езуса: “Устань, прыйдзі!”, “Устань, уваскрэсні!”.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 18.10.2017  
   

Старонка 6 з 20:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.