ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Слова для Жыцця

Слова для Жыцця (148)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Езус не жадае, каб вучні толькі паўтаралі завучаныя на памяць формулы. Ён прагне сведкаў: людзей, якія абвяшчаюць надзею праз тое, як прымаюць іншых, як усміхаюцца, любяць... Асабліва любяць, таму што сіла ўваскрасення робіць хрысціян здольнымі любіць нават тады, калі здаецца, што любоў згубіла на тое прычыны. Ёсць нешта “большае” ў хрысціянскім жыцці, што немагчыма патлумачыць проста сілай духа ці большым аптымізмам. Не! Наша вера, наша надзея – гэта не толькі аптымізм. Гэта штосьці іншае, штосьці большае. Гэта так, нібы вернікі з’яўляюцца людзьмі з дадатковым “кавалкам неба” над галавой. Як гэта цудоўна! Мы – тыя асобы, якіх суправаджае прысутнасць, што некаторыя не могуць нават адчуць. […] Сапраўдныя хрысціяне ніколі не з’яўляюцца лёгкімі і зручнымі людзьмі. Іх лагоднасць нельга блытаць з пачуццём няўпэўненасці і падатлівасцю. Св. Павел пабуджаў Цімафея цярпець дзеля Евангелля і казаў так: “Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці” (2 Цім 1, 7).
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 04.10.2017  
 

Слова для Жыцця (147)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Дзе б ты ні знаходзіўся – будуй! Калі апынуўся на зямлі – устань! Ніколі не заставайся на зямлі. Дазволь, каб табе дапамаглі падняцца. Калі сядзіш – выходзь у шлях! Калі сум цябе паралізуе – праганяй яго добрымі справамі. Калі адчуваеш сябе спустошаным ці дэмаралізаваным, прасі, каб Святы Дух змог зноўку запоўніць тваю пустату. Будуй мір сярод людзей і не слухай голасу тых, хто сее нянавісць і падзелы. Людзі, паколькі адрозніваюцца адзін ад аднаго, былі створаны, каб жыць разам. З супярэчнасцямі, цярпліва. Аднойчы ты ўбачыш, што кожны носіць у сабе часцінку праўды. Любі людзей. Любі кожнага з іх. Паважай шлях усіх, якім бы ён ні быў: прамым ці пакручастым, бо кожны мае сваю гісторыю. Кожны з нас можа распавесці яе. Кожнае дзіця, якое нараджаецца, – гэта абяцанне жыцця, што чарговы раз аказваецца мацнейшым за смерць. Кожная любоў, якая ўзнікае, – гэта сіла перамены, што імкнецца да шчасця.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 20.09.2017  
   

Слова для Жыцця (146)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Езус нагадвае нам, што Яго шлях – гэта шлях любові, і не існуе сапраўднай любові без адрачэння ад сябе. Мы, хрысціяне, пакліканы не да таго, каб паддавацца бачанню гэтага свету, але каб яшчэ глыбей усведамляць неабходнасць пераадольвання цяжкасцей імкнення супраць плыні і ўгару.
    Пан папярэджвае: “Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго” (Мц 16, 25). У гэтым парадоксе заключана залатое правіла, якое Бог упісаў у чалавечую прыроду, створаную ў Хрысце: толькі любоў дае сэнс і шчасце жыццю. Растраціць свае таленты, сілы і час толькі каб зберагчы, захаваць і рэалізаваць саміх сябе – гэта сапраўдны шлях да згубы або да сумнага і бясплоднага існавання. Калі ж мы жывём для Пана і будуем сваё жыццё на любові, як рабіў Езус, зможам адчуць смак праўдзівай радасці.
Фрагмент прамовы падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, 03.09.2017  
   

Слова для Жыцця (145)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    “Езус здзяйсняе “духоўны рэнтген” нашага сэрца, што з’яўляецца зямлёю, на якую падае зерне Слова. Падобна як глеба, нашае сэрца можа быць добрым, і тады Слова прыносіць плён, але можа быць таксама камяністым, непранікальным.
    Паміж урадлівай раллёй і дарогай, асфальтам, ёсць яшчэ 2 прамежкавыя станы зямлі, якія ў рознай ступені мы можам утрымліваць у сабе. Першы – камяністая зямля. Гэта месца, дзе зерне прарасло, але не змагло глыбока запусціць карані. Такім з’яўляецца павярхоўнае сэрца, у якім камяні ляноты пераважаюць над добрай глебай, у ім любоў нясталая і часовая. Існуе яшчэ апошняя зямля – цярністая, поўная пустазелля, што заглушае культурныя расліны. Калі мы яго культывуем, то прыглушаем рост Бога ў нас. Трэба вырваць гэтыя хмызнякі, бо ў адваротным выпадку Слова не прынясе плёну.
Фрагмент разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”, 16.07.2017  
   

Слова для Жыцця (144)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    “Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне...” (Мц 10, 37). Любоў бацькі, пяшчота маці, салодкае сяброўства паміж братамі і сёстрамі – усё гэта, хоць і з’яўляецца вельмі добрым і абгрунтаваным, не можа пераўзыходзіць Хрыста. Не таму, што Пан хацеў бы, каб мы былі пазбаўлены пачуццяў і павагі, але, наадварот, таму, што пазіцыя вучня патрабуе прыярытэтных адносін з настаўнікам.
    Кожны вучань – свецкі гэта чалавек, святар ці біскуп – павінен мець прыярытэтныя адносіны з Езусам. Можна зрабіць парафраз Кнігі Быцця: таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да Хрыста, і стануць яны адным целам (параўн.: Быц 2, 24). Той, хто жыве гэтай сувяззю любові і жыцця з Панам, становіцца Яго прадстаўніком, Яго паслом, найперш, праз свой спосаб быцця.
    У такой ступені, што сам Езус, адпраўляючы вучняў на місіі, кажа ім: “Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае Таго, хто паслаў Мяне” (Мц 10, 40).
    Трэба, каб людзі бачылі, што для гэтага вучня Хрыстос сапраўды Пан, сапраўды цэнтр, усё жыццё.
Фрагмент разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”, 02.07.2017 
   

Слова для Жыцця (143)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Хрысціяне ў барацьбе са злом не адчайваюцца. Хрысціянства культывуе “невылечную” веру ў тое, што адмоўныя і разбуральныя сілы не могуць перамагчы. Заключнае слова ў адносінах да гісторыі чалавека – гэта не нянавісць, не смерць, не вайна. У кожны момант жыцця побач знаходзіцца рука Бога, а таксама тактоўная прысутнасць усіх вернікаў, якія “адышлі перад намі са знакам веры”, як сцвярджаецца ў Рымскім Каноне. Іх існаванне сведчыць найперш пра тое, што хрысціянскае жыццё не з’яўляецца недасяжным ідэалам. У той жа час суцяшае: мы не самотныя. Касцёл складаецца з незлічоных братоў, часта безыменных, якія прайшлі перад намі і праз дзейнасць Святога Духа ўцягнуты ў справы тых, хто ўсё яшчэ жыве на зямлі.
    Мы пыл, які імкнецца да неба. Нашы сілы слабыя, але магутнай з’яўляецца таямніца ласкі, якая прысутнічае ў жыцці хрысціян. Мы верныя зямлі, якую Езус любіў у кожны момант свайго жыцця. Але ведаем і спадзяёмся на канчатковае пераўтварэнне свету, дзе ўрэшце рэшт не будзе слёз, злосці і пакут.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, 21.06.2017 
   

Слова для Жыцця (142)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Пан не можа абысціся без нас:
    Ён ніколі не стане Богам “без чалавека”. Упэўненасць у гэтым з’яўляецца крыніцай хрысціянскай надзеі. Трэба мець адвагу, каб гаварыць Усявышняму “Ойча”. Гэта дасканала перадае літургія, падчас якой у запрашэнні да супольнага адгаворвання малітвы Езуса ўжываем фармуліроўку: “асмельваемся казаць”. На самой справе зварот да Бога па імені “Айцец” – гэта не штосьці само па сабе зразумелае. Мы схільныя ўжываць узнёслыя тытулы, якія здаюцца больш паважлівымі да Яго трансцэндэнтнасці. Але магчымасць называць Бога Айцом уводзіць нас у даверлівыя адносіны з Ім, на падабенства дзіцяці, якое звяртаецца да свайго таты, ведаючы, што ён любіць і клапоціцца.
    Гэта вялікая рэвалюцыя, якую хрысціянства здзейсніла ў рэлігійнай псіхалогіі людзей. Таямніца Бога, які заўсёды ўражвае і дазваляе адчуць сябе малымі, не палохае, не прыгнятае, не падаўляе. Але гэта цяжка прыняць у чалавечую душу. Так цяжка, што нават у апавяданнях пра ўваскрасенне гаворыцца, што жанчыны, калі ўбачылі пустую магілу і анёла, “пабеглі... бо ахапіў іх страх і здзіўленне” (Мк 16, 8). Але Езус адкрыў, што Бог – гэта добры Айцец, і таму неаднаразова кажа нам: “Не бойцеся!”.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас агульнай аўдыенцыі, 07.06.2017 
   

Слова для Жыцця (141)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Вучні пазналі Пана ў жэсце ламання хлеба. Гэта ў ім змяшчаецца ўся гісторыя Езуса. Эўхарыстыя з’яўляецца знакам таго, чым павінен быць Касцёл. Пан ламае нашае жыццё і дае яго іншым, бо няма любові без ахвяры.
    Сустрэча Хрыста з 2-ма вучнямі, што накіроўваліся ў Эмаўс, была кароткай. Але, тым не менш, яна дэманструе галоўнае прызначэнне Касцёла. Гэты выпадак паказвае нам, што хрысціянская супольнасць не закрытая ў непрыступнай крэпасці, але крочыць у жывым асяроддзі, знаходзіцца ў дарозе. Там сустракае людзей са сваімі надзеямі і расчараваннямі, часам цяжкімі. Касцёл слухае гісторыі ўсіх, як быццам вымаючы іх са шкатулкі асабістага сумлення, каб затым даць Слова жыцця і сведчанне Божай любові – любові, вернай да канца.
    Мы ўсе ў жыцці мелі складаныя і цёмныя моманты, хвіліны, калі ішлі сумныя, задуменныя, без перспектыў, бачачы перад сабой толькі сцяну. Езус заўсёды побач, каб даць надзею, каб распаліць нашы сэрцы. Ён гаворыць: “Ідзі наперад, Я з Табой. Ідзі наперад”.
Фрагмент катэхезы, прамоўленай падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, 24.05.2017  
   

Слова для Жыцця (140)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Марыя паказана ў Евангеллі як маўклівая жанчына, якая часта не разумела ўсяго, што адбывалася навокал, але разважала над кожным словам і падзеяй у сваім сэрцы. У такіх паводзінах бачна прыгожая рыса Яе псіхікі: Марыя не скараецца перад няўпэўненасцю жыцця, асабліва калі здаецца, што нічога не атрымліваецца. Тым больш гвалтоўна не пратэстуе, наракаючы на жыццёвы лёс, які нам часта паказвае сваё варожае аблічча. Яна слухае: не забывайцеся, што заўсёды існуе вялікая сувязь паміж надзеяй і слуханнем.
    Мы не сіроты, бо маем Маці ў Небе – гэта святая Багародзіца. Яна вучыць нас цноце чакання, нават калі ўсё здаецца пазбаўленым сэнсу. Яна заўсёды давярае таямніцы Бога, нават калі Ён здаецца незаўважным за злом свету. Прымае жыццё такім, якім яно даецца: са сваімі шчаслівымі днямі, але і трагедыямі, каторыя наўрад хто хоча напаткаць. Вось бы Марыя ў моманты цяжкасцей падтрымлівала нашы крокі і казала ў сэрцы: “Устань, паглядзі наперад! Паглядзі на гарызонт”. Бо Яна – Маці надзеі.
Фрагмент катэхезы падчас агульнай аўдыенцыі, 10.05.2017 
   

Слова для Жыцця (139)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Наш Бог – не адсутны Бог, выкрадзены далёкім Небам. Наадварот, Ён “натхнёны” чалавекам, якога любіць так пяшчотна, што не здольны ад яго длучыцца. Мы, людзі, можам разбураць сувязі і масты, а Ён – не. Калі наша сэрца астывае – Яго сэрца заўсёды застаецца гарачым. Бог суправаджае нас заўсёды, нават калі, на няшчасце, забываемся пра Яго.
    На вузкай мяжы, якая аддзяляе веру ад нявер’я, вызначальнае значэнне мае адкрыццё таго, што нас любіць і падтрымлівае Айцец, які ніколі не пакіне сваё стварэнне ў адзіноце.
    Як доўга Бог будзе клапаціцца пра чалавека? Як доўга Пан Езус, які ідзе побач, будзе намі апекавацца? Адказ Евангелля не пакідае месца для сумненняў: да канца свету! Нябёсы прамінуць, зямля праміне, а Божае слова большае за ўсё і не праміне. А Ён – Бог з намі, Езус – Бог, які ідзе з намі. Не будзе ніводнага дня ў жыцці, калі б мы перасталі быць клопатам Божага сэрца. Ён непакоіцца пра нас і ідзе побач. А чаму так робіць? Проста таму, што любіць нас.
Фрагмент катэхезы, прамоўленай падчас агульнай аўдыенцыі, 26.04.2017 
   

Слова для Жыцця (138)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Калі хтосьці з вас мяне запытае, як нараджаецца надзея, адкажу: “З крыжа. Паглядзі на яго, зірні на распятага Хрыста, і адтуль да цябе прыйдзе надзея, якая ўжо не знікне, якая трывае ажно да вечнага жыцця”. І гэтая надзея паўстала толькі сілаю любові, таму што любоў, якая “на ўсё спадзяецца, усё церпіць” (1 Кар 13, 7), якая з’яўляецца жыццём Бога, аднавіла ўсё, да чаго дакранулася. Так у падзеях Пасхі Езус пераўтварыў, беручы на сябе, нашы грахі ў прабачэнне, нашу смерць – ва ўваскрасенне, наш страх – у давер. Вось для чаго там, на крыжы, нарадзілася і заўсёды адраджаецца надзея. Вось чаму з Езусам усе нашы цёмныя стораны могуць пераўтварыцца ў святло, кожнае паражэнне – у перамогу, кожнае расчараванне – у надзею.
        
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Вялікую сераду, 12.04.2017 
   

Старонка 7 з 20:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.