ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Прэса

З каталіцкіх СМІ Беларусі (33)

Прэса

catholicby2018   Інтэрнэт-партал Касцёла ў Беларусі
   Парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах правяла Купалаў фэст для ўсіх, хто любіць і шануе народнага паэта Беларусі Янку Купалу. Сёлетні фэст праходзіў у 140-ю гадавіну з дня нараджэння славутага беларускага песняра.
    Ян Луцэвіч нарадзіўся ў 1882 годзе ў Вязынцы, быў ахрышчаны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы старадаўняга мястэчка Радашковічы і атрымаў імя ў гонар Хрыстовага Папярэдніка Яна Хрысціцеля.
    Сёлетні Купалаў фэст складаўся з трох частак. Распачаўся ён св. Імшой, пасля якой адбылася музычная праграма і літаратурная імпрэза. Важнай падзеяй стала бласлаўленне адноўленай мемарыяльнай кампазіцыі, якая нагадвае, што менавіта ў гэтым касцёле 12 ліпеня 1882 года быў ахрышчаны Ян Луцэвіч – паэт Янка Купала.
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (32)

Прэса

catholicby2018   Інтэрнэт-партал Касцёла ў Беларусі
   У выдавецтве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі “Pro Christo” падрыхтаваны каляндар на 2023 год, прысвечаны святым і бласлаўлёным, лёс якіх звязаны з нашай краінай.
    У прадмове да календара Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі напісаў: “Калі Бог будзе знаходзіцца ў цэнтры нашай увагі, тады кожны наш звычайны ўчынак будзе мець сэнс”.
    Старонкі календара ўпрыгожаны выявамі святых і бласлаўлёных, змешчаны малітвы да іх. У календары пададзены ўсе абавязковыя святы і ўрачыстасці, успаміны святых і бласлаўлёных, якія адзначаюцца ў Каталіцкім Касцёле, а таксама асноўныя даты праваслаўных святкаванняў.
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (31)

Прэса

catholicby2018У суботу 28 мая ў Клюшчанах на Астравеччыне адбылася св. Імша і паэтычная імпрэза ў памяць пра кс. Канстанціна Стаповіча – святара і паэта, вядомага як Казімір Сваяк.
    Клюшчаны – невялікая вёсачка на самым беларуска-літоўскім памежжы. У тутэйшай парафіі нёс святарскае служэнне кс. Стаповіч, які нарадзіўся непадалёк, у суседніх Баранях. Сёлета ўжо ў 16-ты раз тут сабраўся “хаўрус сваякоў” – тых, для каго святар-паэт стаў вельмі блізкім, духоўна родным чалавекам.
    Драўляная святыня, у якой ён стагоддзе таму абвяшчаў Божае слова на роднай мове, здзяйсняў эўхарыстычную ахвяру, хрысціў і спавядаў, згарэла 5 гадоў таму. Цяпер св. Імшы цэлебруюцца ў невялікай капліцы ў плябаніі.
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (30)

Прэса

catholicby2018На поўдні Бразіліі, у штаце Рыу-Грандзі-ду-Сул, была ўзведзена адна з найбольшых у свеце статуй Хрыста.
    Фігура Хрыста Абаронцы ў горадзе Энкантаду мае вышыню 43,5 метры, што на 5,5 метраў вышэй за славутую статую Хрыста ў Рыа-дэ-Жанэйра.
    Аўтарамі скульптуры сталі бразільскія архітэктары Жэнэзіу Гомэш Мура і яго сын Маркаш Мура. Плануецца, што ўсе ўнутраныя працы на помніку будуць завершаны да 2023 года. На ім будзе размешчана аглядная пляцоўка ў акне, зробленым у выглядзе Сэрца Езуса.
    На сёння самай вялікай статуяй Хрыста лічыцца Хрыстос Валадар у Свебодзіне (Польшча). Гэты помнік мае вышыню 36 метраў: 33 метры складае фігура Хрыста і яшчэ 3 метры – залатая карона на Яго галаве. Помнік узвышаецца на кургане вышынёй 16,5 метраў, і разам з гэтым п’едэсталам вышыня статуі дасягае рэкордных 52,5 метраў.
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (29)

Прэса

catholicby2018Адышоў у вечнасць Станіслаў Шушкевіч – вядомы беларускі вучоны, палітычны і грамадскі дзеяч, які прычыніўся да вяртання каталіцкіх святынь вернікам. Сярод іх – катэдральнага касцёла Найсвяцейшага імя Марыі і касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску.
    Быў сынам беларускага пісьменніка Станіслава Шушкевіча, рэпрэсіраванага савецкімі ўладамі. Займаўся фізіка-матэматычнымі навукамі і ядзернай фізікай. Быў народным дэпутатам СССР і БССР.
    18 кастрычніка 1991 года Станіслаў Шушкевіч быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савета і стаў фактычна першым лідарам незалежнай Беларусі, якая ў той час была парламенцкай рэспублікай.
    Спадар Станіслаў адышоў у вечнае жыццё 3 мая ў Мінску, маючы 87 гадоў. Вечны супакой дай яму, Пане…
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (28)

Прэса

catholicby2018У Івянцы ў францішканскім кляштары пры касцёле св. Міхала Арханёла прайшлі велікапосныя рэкалекцыі для моладзі на тэму “Я ведаю, у каго паверыў”. Хлопцы і дзяўчаты, якія прыехалі з розных мясцін Беларусі, мелі магчымасць як супольна ўзбагаціцца духоўна, так і правесці час у “пустыні”.
    Асобным пунктам рэкалекцый стала знаёмства маладзёнаў з крыжам з касцёла св. Дам’яна. Гэты крыж вельмі цесна звязаны са св. Францішкам з Асізі, бо менавіта з малітвы перад ім распачалося яго навяртанне. Крыж з касцёла св. Дам’яна – гэта ікона, якая прадстаўляе Езуса трыумфуючага; укрыжаванага, але жывога і праслаўленага.
    Напрыканцы сустрэчы хлопцы і дзяўчаты адзначылі, што дзякуючы рэкалекцыям змаглі атрымаць палёгку ў такі складаны час і проста духоўна адпачыць ды аднавіцца.
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (27)

Прэса

vesnikДухоўнае вымярэнне чалавека – несмяротная душа, розум і вольная воля – чыніць яго вобразам і падабенствам Бога. Аднак чалавек – гэта яшчэ і цела. Таму яму неабходна заспакойваць і матэрыяльныя патрэбы. Касцёл навучае, што імкненне да дабрабыту з’яўляецца натуральным правам чалавека, а валоданне маёмасцю – неабходнай умовай для яго годнага жыцця.
    Пытанне прыватнай уласнасці настолькі важнае, што Бог даў нам асобную запаведзь – “не крадзі”. Валоданне дабротамі адпавядае чалавечай натуры і годнасці. Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла бароніць прыватную ўласнасць як штосьці неабходнае для жыцця і аўтаноміі чалавека. Права на валоданне прыватнай уласнасцю – рэчамі, грашыма, нерухомасцю, інтэлектуальнай маёмасцю – вынікае наўпрост з права чалавека на жыццё, з таго, што ён з’яўляецца асобай, разумнай і вольнай.
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (26)

Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў БеларусіБіскуп Алег Буткевіч узначаліў у Росіцы ўрачыстасць у гонар мучанікаў ІІ Сусветнай вайны. Росіца – асаблівае месца, дзе амаль 80 гадоў таму падчас нялюдскай карнай аперацыі ад рук нацыстаў загінула шмат бязвінных людзей. Нашы суайчыннікі згарэлі жыўцом, прыняўшы пакутніцкую смерць.
    Сярод іх былі і два святары – марыяне Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Яны мелі магчымасць пазбегнуць страшнай смерці, зберагчы сваё жыццё, але ў хвіліну выпрабавання не пакінулі вернікаў.
    “Людзі нашай зямлі, праяўляючы духоўны гераізм, ратавалі чалавека. І гаворка ідзе не толькі пра жыццё тут, на зямлі. Святары ратавалі людскія душы, каб, стаўшы перад Панам, яны маглі атрымаць жыццё вечнае”, – адзначыў іерарх.
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (25)

Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў БеларусіУ Бабруйску прайшоў 7-ы Сямейны баль, у якім узялі ўдзел сужэнскія пары з розных мясцін. Незвычайная імпрэза, якая стала ўжо добрай традыцыяй, з’яўляецца ініцыятывай дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і “Адкрытыя сэрцы” і накіравана на папулярызацыю хрысціянскіх каштоўнасцей. У сёлетнім калядным балі ўдзельнічала восем сужэнскіх пар. Тры гадзіны танцаў у канцэртнай зале бабруйскага санаторыя прайшлі ў атмасферы рамантыкі, шчырай радасці, узаемнай зацікаўленасці і любові.
    Згаданы Баль – гэта не толькі танцы, феерычная атмасфера, новыя знаёмствы, гульні і добры настрой. Гэта яшчэ месца, дзе сужэнцы могуць пабыць разам. На жаль, у сучасным свеце, дзе пануе імклівы тэмп жыцця, на гэта часта не хапае часу. Таму сямейны баль – добрая магчымасць спыніцца, адарвацца ад мітусні, затрымацца на хвілінку і лепш адчуць асалоду ў тым, што мае такую прыгожую назву – сужэнства.
 

З каталіцкіх СМІ Беларусі (24)

Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў БеларусіМоладзь мінскай катэдральнай парафіі наведала сваіх праваслаўных аднагодкаў з прыхода Усіх Святых у Мінску. Сустрэча дзвюх моладзевых супольнасцей адбылася ў сценах храма-помніка, дзе каталіцкая моладзь мела магчымасць наведаць крыпту і пастаянную экспазіцыю “Музей памяці”. Маладыя людзі задавалі адзін аднаму пытанні, якія іх цікавілі, адносна каталіцкіх і праваслаўных традыцый, літургіі і звычаяў, размаўлялі пра тое, што аб’ядноўвае хрысціян Усходу і Захаду; параўноўвалі, у чым яны падобныя і што іх адрознівае. Заключным момантам сустрэчы стала знаёмства і размова з ключаром храма Усіх Святых протаіерэем Фёдарам Поўным. Святар распавёў удзельнікам сустрэчы гісторыю свайго паклікання, а таксама пра ідэю стварэння храма-помніка. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на значэнне Божага слова ў жыцці маладога верніка.
 

Старонка 1 з 25:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  18

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.