Бог вучыць адкрытасці на людзей
Нарадзіўся айцец Антоній у Гродне. У францішканскім касцёле атрымаў першыя сакраманты: быў ахрышчаны і праз 10 гадоў прыступіў да Першай святой Камуніі.
“Мае бацькі жылі верай: гэта адчувалася. Я бачыў прыклад іх сумеснай малітвы. І хоць часта яны прыходзілі з працы стомленыя, усё роўна знаходзілі час, каб памаліцца. Рэгулярна прысутнічалі ў касцёле на Імшы. У нядзелю – нават размова не вялася. Стараліся прыйсці і ў буднія дні… Дзякуючы ім, атрымаў тое, што маю зараз”.
Жаданне прамаўляць да людзей Божае слова
Айцец Антоній гадаваўся разам з трыма братамі і сястрой. Любіў спорт, наведваў розныя секцыі. Часта прыходзіў у касцёл. Прыслужваў пры алтары як міністрант.
“Вельмі хацеў чытаць на Імшы Божае слова. Таму паставіў перад сабой мэту і самастойна вывучыў польскую мову”.
Перачытаў шмат рэлігійнай літаратуры, якая раней была ў большасці польскамоўная. Сярод кніг траплялася шмат асобнікаў, выдадзеных францішканцамі. †