ГРОДНА
Панядзелак,
29 красавіка
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

XXVIII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус, калі ішоў у Іерусалім, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: “Езус, Настаўнік, змілуйся над намі”. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: “Ідзіце, пакажыцеся святарам”. А калі адышлі, яны ачысціліся. І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: “Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?”. І сказаў яму: “Устань, ідзі; вера твая збавіла цябе”.
Лк 17, 11–19
 

XXVII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Апосталы сказалі Пану: “Дадай нам веры”. Пан сказаў: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора», – і яна б паслухалася вас. Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: «Як прыйдзеш, адразу сядай за стол»? Наадварот, ці не скажа яму: «Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты»? Ці будзе ён дзякаваць слузе гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць»”.
Лк 17, 5–10
 

XXVI ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус сказаў фарысеям: “Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак па імені Лазар ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: «Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым». Але Абрагам сказаў: «Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар – ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці». Тады сказаў ён: «Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты». Абрагам адказаў: «У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх». А ён сказаў: «Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца». Тады Абрагам сказаў яму: «Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць»”.
Лк 16, 19–31
   

XХV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус казаў сваім вучням: “Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: «Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам». Тады эканом сказаў сам сабе: «Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сіл, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам». Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: «Колькі ты павінен гаспадару майму?». Той сказаў: «Сто кадзяў алею». Тады сказаў яму: «Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзесят». Потым другому сказаў: «А ты колькі павінен?». Той сказаў: «Сто кор пшаніцы». І яму сказаў: «Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят». І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення. І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне”.
Лк 16, 1–13
   

XХІV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: “Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку». Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння. Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: «Цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму». Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца”.
Лк 15, 1–10
   

XVIII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Нехта з натоўпу сказаў Езусу: “Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай”. Але Езус адказаў яму: “Чалавеча, хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас?”. Пры гэтым сказаў ім: “Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці”. І расказаў ім прыпавесць: “У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: «Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой». І сказаў: «Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
    І скажу душы маёй: душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся». Але Бог сказаў яму: «Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхта- ваў?». Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее”.
Лк 12, 13–21
   

XVII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: “Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў”. Ён сказаў ім: “Калі моліцеся, кажыце: «Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму, і не ўводзь нас у спакусу»”. Затым сказаў ім: “Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: «Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму». А той знутры скажа яму ў адказ: «Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе». Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябар ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе. І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць. Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Нябесны Айцец дасць Святога Духа тым, хто папросіць у Яго”.
Лк 11, 1–13
   

XVI ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Прыйшоў Езус у адну вёску. І жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падышоўшы, сказала: “Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне”. Пан жа сказаў ёй у адказ: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе”.
Лк 10, 38–42
   

XV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: “Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?”. Езус адказаў яму: “У Законе што напісана? Як чытаеш?”. Той сказаў у адказ: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе”. Езус сказаў яму: “Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць”. Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: “А хто мой бліжні?”. Адказваючы на гэта, Езус сказаў: “Адзін чалавек ішоў з Іерусаліма ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на свайго асла, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: «Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся». Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?”. Ён сказаў: “Той, хто паступіў з ім міласэрна”. Тады Езус сказаў яму: “Ідзі і ты рабі таксама”.
Лк 10, 25–37
   

XIV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: “Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
    Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: «Спакой гэтаму дому!». І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: «Наблізілася да вас Валадарства Божае». Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: «Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае». Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму”.
    Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: “Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!”. А Ён сказаў ім: “Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось Я даў вам уладу наступаць на змей і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах”.
Лк 10, 1–12. 17–20
   

XIII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Іерусалім і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Іерусалім. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: “Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?”. Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску. Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: “Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў”. Езус сказаў яму: “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву”. А другому сказаў: “Ідзі за Мною”. Той адказаў: “Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць айца майго”. Але Езус сказаў яму: “Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае”. Яшчэ іншы сказаў: “Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі”. Езус жа сказаў яму: “Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”.
Лк 9, 51–62
   

XII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: “Кім лічыць Мяне народ?”. Яны сказалі ў адказ: “Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос”. Ён спытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?”. І адказаў Пётр: “Месіяй Божым”. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адцураюцца Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго”.
Лк 9, 18–24
   

Старонка 11 з 51:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  247

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.