ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

III Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Лк 24, 35–48
Вучні Езуса расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як яны пазналі Езуса ў ламанні хлеба. Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў: “Спакой вам”. Устрывожаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: “Чаму засмуціліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: бо дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю”. Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: “Ці маеце тут што з’есці?”. Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі. І сказаў ім: “Гэта словы мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах”. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: “Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Іерусаліма. А вы – сведкі гэтага”.
 

II Велікодная нядзеля, Божай міласэрнасці

Разважанні з Божым Словам

Ян 20, 19–31
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: “Спакой вам!”. І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: “Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас”. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”. Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: “Мы бачылі Пана”. Але ён сказаў ім: “Калі не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу”. І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: “Спакой вам!”. Потым кажа Тамашу: “Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым”. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: “Пан мой і Бог мой!”. Езус кажа яму: “Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”.
    Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
 

Нядзеля Уваскрасення Пана

Разважанні з Божым Словам

Ян 20, 1–9
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: “Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго”. Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
   

Пальмовая нядзеля, ці Мукі Пана

Разважанні з Божым Словам

Мк 11, 1–10
Калі наблізіліся да Іерусаліма, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў і сказаў ім: “Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі хтосьці вам скажа, навошто вы гэта робіце, адкажыце: «Ён патрэбны Пану», і зараз жа адашле зноў яго сюды”. Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля дзвярэй знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго. І некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: “Што вы адвязваеце асляня?”. Яны адказалі ім, як наказаў Езус, і тыя адпусцілі іх. І прывялі да Езуса асляня, і паклалі на яго сваё адзенне, а Ён сеў на яго. І многія слалі адзенне сваё на дарозе, а іншыя – галінкі, зрэзаныя на палях. І тыя, хто ішоў спераду і следам за Ім, усклікалі: “Гасанна! Бласлаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Бласлаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!”.
   

V Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Ян 12, 20–33
Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: “Пане, мы хочам бачыць Езуса”. Філіп пайшоў і сказаў пра гэта Андрэю. І пайшлі Андрэй з Філіпам, і расказалі Езусу. А Езус сказаў ім у адказ: “Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён.
    Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!”. І пачуўся з неба голас: “Уславіў і ўслаўлю зноў”. Народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: “Гэта гром”. Іншыя ж казалі: “Анёл гаварыў з Ім”. А Езус адказаў, кажучы: “Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе”. Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меўся памерці.
   

IV Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Ян 3, 14–21
Езус сказаў Нікадэму: “Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу”.
   

III Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Ян 2, 13–25
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Іерусалім. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: “Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю”. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: “Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне”. На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: “Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць?”. Езус сказаў ім у адказ: “Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе”. І сказалі юдэі: “Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?”. Казаў жа Ён пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус. І калі Ён быў у Іерусаліме на свяце Пасхі, многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае. Але сам Езус не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.
   

II Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Мк 9, 2–10
Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам. І на гэта Пётр сказаў Езусу: “Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі”. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце”. І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць “уваскрэснуць”.
   

I Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 12–15
Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму.
    Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: “Споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле”.
   

VI Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 40–45
Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць”. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: “Хачу, будзь ачышчаны”. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты. Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: “Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім”. Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
   

V Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 29–39
Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім. Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прынослі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, сказалі Яму: “Усе шукаюць Цябе”. Ён адказаў ім: “Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў”. І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.
   

ІV Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 21–28
У горадзе Кафарнауме Езус увайшоў у шабат у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. І быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: “Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы”. Але Езус забараніў яму, кажучы: “Змоўкні і выйдзі з яго”. Тады дух нячысты, таргануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І здзівіліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: “Што гэта? Новае вучэнне, якое мае моц? Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго”. І адразу разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.
   

Старонка 5 з 51:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.