ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

ІІI Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 14–20
Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: “Настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле”. Праходзячы ж каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: “Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”. І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім. Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама сядзелі ў чаўне і ладзілі сеткі.
    І адразу паклікаў іх. І, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, яны пайшлі за Ім.
 

ІІ Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Ян 1, 35–42
Стаяў Ян Хрысціцель і двое з вучняў ягоных і, калі ўбачыў Езуса, які ішоў, сказаў: “Вось Ягнё Божае”. І пачулі двое вучняў яго, што ён сказаў, і пайшлі за Езусам. А Езус, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, сказаў: “Чаго шукаеце?”. Яны сказалі Яму: “Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш?”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і ўбачыце”. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень. Было ж каля дзесятай гадзіны. Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім. Знайшоў ён спачатку брата свайго Сымона і кажа яму: “Мы знайшлі Месію” (гэта значыць Хрыста). І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: “Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас” (што азначае “Пётр”, “скала”).
 

Свята Хросту Пана

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 7–11
Ян Хрысціцель прапаведаваў, кажучы: “Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Ягоных сандалях.
    Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым”.
    І сталася ў тыя дні, прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Іардане. І адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя, і Духа, як голуба, сыходзячага на Яго. І пачуўся голас з нябёсаў: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”.
   

Свята Святой Сям’і

Разважанні з Божым Словам

Лк 2, 22–40
Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Пану, – як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; – і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят. Быў у Іерусаліме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і набожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, ён узяў Яго на рукі, блаславіў Бога і сказаў: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля”. А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. І блаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: “Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў”. Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы. Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Іерусаліма. Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
   

IV нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

Лк 1, 26–38
Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. Яна ж збянтэжылася ад слоў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца”. А Марыя сказала анёлу: “Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю?”. Анёл сказаў Ёй у адказ: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага”. Тады Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”. І адышоў ад Яе анёл.
   

III нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

Ян 1, 6–8. 19–28
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло. І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Іерусаліма святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: “Хто ты?”, ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: “Я не Хрыстос”. І спыталіся ў яго: “Дык хто ж? Ты Ілля?”. І сказаў: “Не”. “Ты прарок?”. І ён адказаў: “Не”. Тады сказалі яму: “Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?”.
    Ён сказаў: “Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая”. А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: “Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстос, ні Ілля, і ні прарок?”. Ян сказаў ім у адказ: “Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць Той, каго вы не ведаеце, Той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных”.
    Было гэта ў Бэтаніі, за Іарданам, дзе хрысціў Ян.
   

II нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 1–8
Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарока Ісаі: “Вось Я пасылаю Анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Тваю. Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму”. З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння для адпушчэння грахоў. І выходзілі да Яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Іерусаліма, і прымалі ад яго хрост у рацэ Іардан, вызнаючы грахі свае.
    Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: “Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Ягоных сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Святым Духам”.
   

I нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

Мк 13, 33–37
Езус сказаў вучням сваім: “Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане час той. Падобна гэта да чалавека, які, вырушаючы ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.
    Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай; каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу – кажу ўсім: Чувайце!”.
   

Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

Разважанні з Божым Словам

Мц 25, 31–46
Езус сказаў сваім вучням: “Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў – леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: «Прыйдзіце, бласлаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне». Тады адкажуць Яму справядлівыя: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмаглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?». I Валадар скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі». Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне». Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмаглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?». Тады скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне». І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя – да вечнага жыцця”.
   

XXXIII Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мц 25, 14–15. 19–21
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: “Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому – два, іншаму – адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцей, і ад’ехаў.
    Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слуг гэтых і патрабуе ад іх рахунку.
    Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: “Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне; вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх”. Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
   

XXXII Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мц 25, 1–13
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: “Валадарства Нябеснае будзе падобна да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць – мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. Але сярод ночы ўзняўся крык: «Вось жаніх, выходзьце яму насустрач». Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: «Дайце нам вашага алею, бо нашы светачы гаснуць». А мудрыя адказалі: «Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе». Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: «Пане, пане, адчыні нам». Ён жа сказаў ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: не ведаю вас». Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны”.
   

Урачыстасць Усіх Святых

Разважанні з Божым Словам

Мц 5, 1–12a
Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў Нябёсах”.
   

Старонка 6 з 51:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.