Зялёны мядзведзь

Дзіцячы куточак

Маленькая Аліна вырашыла дапамагчы свайму старэйшаму брату Алегу маляваць. Яна села побач і стала зафарбоўваць возера. Але неўзабаве ёй надакучыла маляваць і яна стала шкодзіць. Спачатку намалявала сінюю траву і сказала, што такая трава існуе. Усміхнуўся Алег і не стаў спрачацца:
    - Хай будзе сіняй, калі табе так хочацца, - і пачаў маляваць дрэва. Потым Аліна намалявала чорнае сонца і сказала, што такое сонца бывае ноччу, а Алег ізноў прамаўчаў.
    Алег вырашыў таксама пафантазіраваць, узяў ды і намаляваў на сіняй траве пад чорным сонцам маленькага зялёнага мядзведзя і сказаў, што гэты мядзведзь качаўся ў траве і запляміў сваю поўсць. Убачыла Аліна зялёнага мядзведзя, раззлавалася і адразу стала зафарбоўваць яго, кажучы, што такіх мядзведзяў не існуе. Алег спыніў руку сястры і не даў ёй зафарбаваць свайго мядзведзя. Аліна пачала абзываць брата, а потым заплакала і пайшла да мамы скардзіцца.
    Мама, выслухаўшы ўважліва Аліну і Алега, даведалася, як усё было на самой справе, і сказала:
    - Не плач, дачушка, а лепш павучыся памяркоўнасці ў Алега.