Як Жырафа сама сябе пакарала

Дзіцячы куточак

Вы і ўявіць сабе не можаце, як многа і рупліва магла працаваць Жырафа для самой сябе. Яна выцягвала шыю і зрываць верхнія галінкі з дрэў з самай сакавітай і чыстай лістотай. Жырафа вельмі любіла пахваліцца шыяй. Хадзіла ўсюды важна, з высока паднятай галавой і глядзела на ўсіх зверху ўніз. Яна была ўпэўнена ў тым, што з такой шыяй не прападзе і заўсёды зможа дастаць ежу там, дзе другім гэта будзе зрабіць не пад сілу.
    Жырафа была працавітай. Але яна ўмела працаваць шмат і без адпачынку толькі тады, калі ведала, што за сваю працу атрымае ўзнагароду. Але проста так, ад шчырага сэрца, Жырафа працаваць не жадала і не магла. Як толькі Жырафа чула просьбу зрабіць добрую справу, то жаданне працаваць у яе знікала, і раптам працавітая Жырафа станавілася гультайкай. Нават проста дапамагчы нахіліць галінку якому-небудзь галоднаму звярку ёй здавалася цяжкім.
    Аднойчы Вожык папрасіў Жырафу сарваць яблык, які рос высока на дрэве, і пачуў грубіянскі адказ: “У цябе ў самога ёсць шыя, вось і цягні яе, як я. А не можаш - тады збірай гнілыя яблыкі з зямлі або еш траву”.
Увогуле, Жырафа мала каму падабалася. Ды і як можа падабацца той, хто ўмее працаваць толькі для сябе, а для іншых не хоча паварушыць пальцам. Але Жырафу гэта зусім не цікавіла. Яна, жадаючы жыць яшчэ лепш і шукаючы сабе самых смачных лістоў, працягвала цягнуць сваю шыю.
    Аднойчы ў выцягнутай шыі Жырафы штосьці хруснула, і яна,сагнуўшыся, апынулася на зямлі. Ніяк у Жырафы не атрымлівалася падняць галаву з зямлі і выпрастаць сваю доўгую шыю. Пасля гэтага няшчасця яна магла хадзіць толькі задам наперад, а шыя і галава валакліся за ёй па зямлі, нібы хвост. “Хто ж гэта так пакараў Жырафу, хто зламаў ёй шыю?” - здзіўляліся ўсе навокал. А хтосьці нават думаў пра сябе паціху: “Так ёй і трэба”. Так бы і жыла Жырафа, цягнучы за сабой сваю галаву, калі б не адзін выпадак.
    (Пра тое, што здарылася з Жырафай, чатайце ў наступным нумары газеты).