Гаршкі з мёдам
Дзіцячы куточак
Прывітанне, Маленькі Сябар! У жыцці часам здаецца, што бацькі адрасуюць у Твой бок зашмат настаўленняў: іх сотні, а Ты адзін. Як з імі ўсімі зладзіць? Іншы раз не хапае сіл і жадання, каб адолець хоць палову з іх. Але да бацькоў усё ж трэба прыслухоўвацца, бо яны маюць рацыю.
Сёння прапануем Табе паразважаць над тым, як усякія павучанні не мінаюць бясследна.
Прыйшоў аднойчы сын да бацькоў і кажа:
– Тата і мама, каторы раз я слухаю вашы заўвагі, але выправіцца не магу.
Якая тады карысць вучыцца ў вас, калі я зноў і зноў памыляюся?
Бацька ўважліва паглядзеў на сына і адказаў:
– Мой даражэнькі, вазьмі два гаршкі – адзін з мёдам, а другі пусты.
Хлопец так і зрабіў.
– А цяпер, – сказаў бацька, – пералі некалькі разоў мёд з аднаго гаршка ў іншы.
Сын паслухаўся.
– Зараз заглянь у пусты гаршчок. Адчуваешь, як пахне мёдам?
Хлопец паглядзеў на яго і кажа:
– Ойча, пахне вельмі прыемна. Дарэчы, крыху густога мёду засталося на донцы...
– Вось так і нашыя павучанні асядаюць у тваёй душы, – сказала мама. – Калі ты засвоіш у жыцці хоць частку таго, чаму мы цябе вучым, Бог па міласці сваёй запоўніць недахоп і ўратуе тваю душу. Бо і зямная гаспадыня не сыпле перац у гаршчок, які пахне мёдам. Так і Бог не пакіне цябе, калі захаваеш у душы хоць пачатак праведнасці. †
Задумайся: - Чаму хлопчык засумняваўся ў тым, што тату і маму трэба слухацца?
- Якім чынам бацька адказаў на пытанне сына?
- Што зрабіў хлопец па просьбе бацькі?
- Ці застаўся другі гаршчок пустым?
- Які ўрок засвоіў сын пасля размовы з татам і мамай?
Увага! Працягваецца конкурс малюнкаў “Мая катэхеза”. Да ўдзелу запрашаюцца маленькія чытачы, якім прапануецца адлюстраваць у малюнку свой занятак па катэхезе. Гэта можа быць выява вясёлага катэхета ў класе, сумеснай размовы з бацькамі, развучвання малітваў з бабуляй і інш. Ніякіх абмежаванняў у фантазіі і колерах! Пакажыце, як Вы даведваецеся пра Бога. Удзельнікі конкурсу будуць узнагароджаны прызамі. Чакаем Вашых лістоў на адрас рэдакцыі: 230025, г. Гродна, вул. К. Маркса, 4. Спяшайцеся! Вынікі конкурсу будуць аб’яўлены ў нумары газеты за 9 кастрычніка. |
|