На самой справе, гісторыя Мастоў – гэта гісторыя гэтай вёскі. А горад Масты – паселішча, заснаванае толькі ў пачатку ХХ ст.
Касцёл тут быў заснаваны каралевай Бонай Сфорцай у 1539 г. У сярэдзіне XVI ст. пры ім была адчынена парафіяльная школа. Драўляны касцёл, адноўлены на ахвяраванні караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III, у 1710 г. (або ў 1740 г.) быў рэканструяваны дзякуючы намаганням кс. Антонія Валіцкага, тагачаснага пробашча парафіі. Апошняя рэстаўрацыя старажытнага драўлянага касцёла адбылася ў 1923 г.
У ХIХ ст. у якасці філіяльнага касцёла да Мастоўскай парафіі належаў касцёл у Мікелеўшчыне. Тады агульная колькасць парафіян складала больш за 2600 чалавек. У 1906 г. тут працавалі нехабітаваныя манаскія сёстры з супольнасці Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця НПМ. Яны праводзілі катэхізацыю, апекаваліся касцёлам, дапамагалі хворым. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала прыкладна 2400 чалавек.
Новы касцёл з чырвонай вонкавай цэглы з рысамі неабарочнага стылю пачалі будаваць тут паводле праекта архітэктара Бабкова (галоўны інжынер – Проніч, інжынер – Станкевіч К. А.) на месцы старога драўлянага касцёла, які згарэў у 1980-я гг. Вуглавы камень быў урачыста асвечаны 26 мая 1990 г. арцыбіскупам Франчэска Коласуона, Апостальскім нунцыем у СССР. Будаўніцтва скончылася ў 1992 г., а ў 1993 г. святыня была асвечана пад тытулам св. Яна Хрысціцеля. †