Азёры
Парафіі і святыні
Азёры – адно з самых старых мястэчак у ваколіцах Гродна. Асобная парафія тут паўстала ў 1676 годзе.
На плошчы мястэчка Азёры побач стаяць праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Гэта важны сімвал рэлігійнага міру, які пануе ў нашай краіне. Так было і больш за шэсць стагоддзяў таму, калі праваслаўныя і католікі прыйшлі ў лясны край і пачалі засвойваць пушчу, што атрымала назву Гродзенскай.
Азёры – адно з самых старых мястэчак у ваколіцах Гродна. Яно згадваецца яшчэ ў канцы XIV стагоддзя ў справаздачах крыжацкіх шпіёнаў, якія планавалі напады на Вялікае Княства Літоўскае і хацелі выведаць маршруты ўглыб нашай дзяржавы. Каталіцкай парафіі ў той час, у XV стагоддзі, у Азёрах яшчэ не было, але, хутчэй за ўсё, ужо існавала філіяльная капліца, якая належала да фарнай парафіі ў Гродне. †
Асобная парафія ў Азёрах паўстала ў 1676 годзе. Праз некалькі гадоў быў пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай Ружанцовай, а парафія атрымала фундуш – 212 дзесяцін зямлі з каралеўскіх валоданняў. У XVIII стагоддзі пушчу працягвалі актыўна засвойваць. Ствараліся прадпрыемствы па здабычы жалезнай руды (адсюль вёскі з назвай Руда, Рудня), вытворчасцю дзёгцю, поташу, а таксама лесапілкі. Таму вырасталі і населеныя пункты ў вялікакняскай пушчы. Напрыклад, у апісанні азёрскай парафіі 1784 года згадваюцца два вадзяныя млыны, пры дапамозе якіх не толькі малолі збожжа, але і апрацоўвалі сукно, і пілілі бярвенне. Ужо тады ў парафію ўваходзіла каля 30-ці населеных пунктаў: каралеўскія двары, шляхецкія засценкі, вёскі рымска-каталіцкага і грэка-каталіцкага абрадаў.
У першай палове ХІХ стагоддзя мястэчкам валодалі Валіцкія, якая перанялі сабе фундуш азёрскага касцёла, але павінны былі плаціць штогод пэўную суму касцёлу. Пасля паўстання 1863 года, у якім жыхары Азёраў прынялі дзейсны ўдзел, усе землі Валіцкіх (каля 10 тысяч дзесяцін) былі канфіскаваны ў казну, а касцёл на некаторы час быў зачынены царскімі ўладамі. Аднак ужо пад канец 1860-ых гадоў парафія аднавіла сваю дзейнасць. Пасля І Сусветнай вайны тагачасны пробашч азёрскай парафіі кс. Францішак Куксевіч стварыў камітэт аднаўлення святыні і пачаў збіраць сродкі на яе рэстаўрацыю. Дзякуючы яму на азёрскі касцёл як на цікавы ўзор драўлянага дойлідства звярнулі ўвагу члены Камісіі па апецы над помнікамі мастацтва і культуры Гродзеншчыны. Кіраваў ёю павятовы інжынер Уладзіслаў Герман, а сакратаром быў вядомы гісторык і заснавальнік гродзенскага музея Юзаф Ядкоўскі. Камісія прыйшла да высновы, што збудаваны ў 1679 годзе касцёл Маці Божай Ружанцовай можа абваліцца, і хадайнічала перад чыгуначнікамі аб бязвыплатным выдзяленні на яго рамонт 50-ці кубаметраў дрэва.
Да пачатку ІІ Сусветнай вайны азёрскі касцёл быў грунтоўна адноўлены, аднак, на вялікі жаль, згарэў летам 1944 года падчас вайсковых дзеянняў. Пасля вайны і арышту святара з Новай Руды, які час ад часу праводзіў набажэнствы ў Азёрах, мясцовыя католікі самі арганізоўвалі сваё рэлігійнае жыццё. У 1962 годзе ў іх забралі апошняе месца малітвы – ацалелы мураваны парафіяльны будынак, і на працягу амаль 40-ка гадоў у Азёрах не было ні святара, ні касцёла.
У 1991 годзе ў Азёры прыбыў кс. Станіслаў Гаўлік, які разам з мясцовымі жыхарамі пачаў працэс будовы новага касцёла і адраджэння каталіцкага жыцця. У 1992 годзе пачалося будаўніцтва святыні, і 23 лістапада 1997 года новы азёрскі касцёл Хрыста Валадара быў цалкам скончаны.