Крамяніца. Цуд сярод пагоркаў

Парафіі і святыні

Сучасны выгляд парафіяльнай святыні ў КрамяніцыВёска Крамяніца хаця і знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне, аднак яе можна смела аднесці да гістарычнай Ваўкавышчыны. Бо Ваўкавыскі павет праіснаваў у больш-менш нязменных межах з XVI стагоддзя ажно да 1939 года. Шчодра ўсыпаныя крэменем пагоркі (адсюль назва – Крамяніца), здаецца, не назавеш асабліва ўраджайнымі, але ўжо 500 гадоў таму Крамяніца згадваецца як багаты вялікакняскі двор, які па фундацыі Жыгімонта Старога забяспечваў ваўкавыскага пробашча дзесяткамі бочак жыта, ячменю і грэчкі. Прыкладна з 1560-ых гадоў Крамяніца апынулася ў руках прадстаўнікоў шляхецкага роду Вольскіх. Яны верна служылі Рэчы Паспалітай на палях бітваў, выстаўляючы ў войска ад сваіх валоданняў 24 коннікі і 11 пешых воінаў.
Будучы адданымі католікамі, Вольскія таксама паклапаціліся пра ўзвядзенне аднаго з першых мураваных касцёлаў на Ваўкавышчыне. Віцебскі кашталян і ваўкавыскі маршалак Мікалай Вольскі разам са сваёй жонкай Барбарай у 1617 годзе запрасілі ў Крамяніцу манахаў Ордэна рэгулярных латэранскіх канонікаў. Гэта быў жабрацкі ордэн, дзейнасць якога абапіралася на статуце св. Аўгусціна.
    У маі 1619 года быў пакладзены першы камень у падмурак мураванага касцёла і драўлянага кляштара. Вольскія падпісалі фундацыйны акт, перадаўшы кляштару фальварак Астроўшчына і вёску Марцінавічы. Фундатары, на жаль, не дачакаліся завяршэння будаўніцтва. У 1621 годзе памёр Мікалай Вольскі, а праз два гады – яго жонка Барбара. Іх сын Казімір на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў змагаўся з даўгамі, страціў маёнтак, але ўсё ж не толькі дабудаваў касцёл, але і ўзвёў мураваны будынак кляштара, што дазволіла латэранскім канонікам праслужыць у Крамяніцы ажно да 1832 года, трымаючы пры кляштары шпіталь для старых і хворых людзей, школку для дзяцей і вельмі прыстойную па тых часах бібліятэку. Дарэчы, некаторы час школкай і шпіталем апекаваліся гродзенскія манахіні брыгіткі. Маёнтак Крамяніца перадала брыгіткам сваячка Вольскіх Аляксандра Весялоўская з роду Сабескіх, якая выкупіла яго ў Казіміра Вольскага разам з даўгамі.
    У фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея захоўваецца цяпер цэлы архіў дакументаў, звязаных з эканамічнай дзейнасцю брыгітак. У ім неаднаразова згадваюцца Пескі, Рагозніца, Крамяніца, а таксама размешчаныя там млыны, бровары, корчмы.
    Касцёл св. Юрыя ў Крамяніцы – рэдкі на нашых землях прыклад архітэктуры позняга Рэнесансу. У будаўнічым выкананні храм тыпова гатычны, аднак адразу прыцягвае ўвагу яго галоўны фасад з аздобленымі нішамі.
    Гэта самая яскравая прыкмета рэнесансу ў святыні. А з улікам класіцыстычнага прытвору і барочных алтароў можна смела сказаць, што па крамяніцкаму касцёлу можна вывучаць гісторыю архітэктуры Беларусі. Тут відавочныя і рука майстроў, магчыма, нават кракаўскіх, і мясцовыя ўплывы. Аднак галоўным шэдэўрам касцёла, унікальным не толькі для Гродзеншчыны, але і для ўсёй нашай краіны, з’яўляецца выкананы з чорнага мармуру помнік фундатарам касцёла Мікалаю і Барбары Вольскім, пастаўлены яшчэ перад 1639 годам. Перад крыжам стаяць на каленях Мікалай у рыцарскіх даспехах і Барбара ў манаскай вопратцы. Надпіс па-лацінску заклікае памятаць пра вядомага ў італьянскай і германскай землях вернага католіка і рыцара Мікалая Вольскага, які памёр, не дажыўшы нават да сарака гадоў, аднак паспеў разам са сваёй жонкай зрабіць шмат добрага. Стоячы перад гэтым помнікам, думаеш пра многае: пра тое, як захаваліся гэтыя касцёл і помнік у бурлівых чатырох вяках нашай гісторыі, пра жыццё чалавека, які, пражыўшы не так і шмат, змог пакінуць пра сябе такую добрую памяць. Дарэчы, так склалася, што гісторыя захавала для нас не толькі скульптурныя партрэты Вольскіх на помніку, але і вялікія жывапісныя партрэты Аляксандры Весялоўскай і яе мужа Крыштафа, якія цяпер знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску. Будзем і мы памятаць пра гэты людзей, якія так выдатна паслужылі Божай справе на нашых землях.