Парафія Вялікая Рагозніца

Парафіі і святыні

Рагоз – распаўсюджаная амаль ва ўсіх славянскіх мовах назва балотнай расліны, якая раней шырока выкарыстоўвалася ў гаспадарцы. З рагозу плятуць кошыкі, вяроўкі, робяць грубую тканіну. Яго нават можна ўжываць у ежу. Зразумела, што паселішчы, размешчаныя на берагах забалочаных невялікіх рэчак, часта атрымлівалі назву Рагозніца ці Рагожніца.
Паселішча ўпершыню згадваецца ў пачатку XVI стагоддзя як каралеўскі маёнтак, якім папераменна валодалі розныя каралеўскія баяры. У сярэдзіне XVIII стагоддзя Рагозніца пераходзіць у валоданне рода Сухадольскіх – багатай шляхты з Ваўкавышчыны. Казімір Сухадольскі нават удзельнічаў у знакамітым апошнім сейме Рэчы Паспалітай у Гродне, які ў 1793 годзе прыняў рашэнне пра другі раздзел дзяржавы. А яго ўнук Януарый Сухадольскі стаў вядомым польскім мастаком-баталістам. Пасля паўстання 1863 года Рагозніца была канфіскавана ў тагачасных уладальнікаў Шабанскіх, паколькі тыя ўдзельнічалі ў змаганні супраць царызма, і перададзена расійскім чыноўнікам. Толькі ў 1906 годзе яе зноў выкупіў мясцовы шляхціц Оскар Мейштовіч. Яму ўдалося гэта зрабіць, сказаўшы царскім уладам, што яго род нібыта не польскі, а паходзіць са старой літоўскай шляхты.
    Увесь гэты час Рагозніца адносілася да недалёкага касцёла ў Крамяніцы. Аднак у 1924 годзе мясцовыя жыхары звярнуліся да віленскага біскупа з просьбай стварыць самастойную парафію. Яны матывавалі сваё жаданне тым, што крамяніцкі касцёл вельмі стары і разбудаваць яго нельга, а таму парафію трэба падзяліць напалову, тым больш, што Мейштовічы (асабліва Флора, жонка Оскара) гатовыя былі спансіраваць будаўніцтва святыні і даць парафіі некалькі гектараў добрай зямлі. Дзякуючы біскупу Юрыю Матулевічу справа стварэння парафіі была вырашана станоўча ў пачатку 1925 года, аднак вызначэнне яе межаў цягнулася амаль да канца 1927 года. У выніку парафія ў Вялікай Рагозніцы стала адной з найбольшых у рэгіёне і налічвала звыш 4 тысяч парафіян.
    Касцёл у Рагозніцы атрымаўся незвычайны. Будавалі яго два гады па праекце архітэктара Рамуальда Гута з палявых камянёў цёмнага і ружовага колераў, якія збіралі мясцовыя сяляне. Камяні старанна апрацоўвалі, каб сцены святыні былі амаль ідэальна роўныя. Касцёл атрымаўся просты чатырохкутны з магутнай простай званіцай і закрыстыяй. Гэтая грандыёзная канструкцыя робіць асаблівае ўражанне на фоне мясцоваці, і з яе далёка відаць амаль усю парафію. Касцёл асвяцілі ў кастрычніку 1928 года ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.
    Лёс галоўнага фундатара святыні Оскара Мейштовіча склаўся трагічна. Ён мусіў быць пахаваны ў склепе касцёла, на што атрымаў дазвол віленскай курыі, аднак у верасні 1939 года быў арыштаваны і забіты разам з ксяндзом і праваслаўным бацюшкам з Зэльвы.
    Пасля вайны касцёл з перапынкамі дзейнічаў да канца 1950-ых гадоў, але ў хрушчоўскія часы, калі барацьба з рэлігіяй абвастрылася, святыню закрылі канчаткова, фармальна ліквідаваўшы парафію. Аднак людзі працягвалі наведваць яе, супольна маліліся, палілі вечную лампаду. У 1989 годзе касцёл у Вялікай Рагозніцы быў вернуты католікам. Сёння гэта адна з самых заўважных і арыгінальна пабудаваных святынь Гродзенскай дыяцэзіі.