ВОЎПА. САМЫ ВЯЛІКІ ДРАЎЛЯНЫ КАСЦЁЛ БЕЛАРУСІ

Гісторыя - Парафіі і святыні

Да Другой сусветнай вайны Воўпа была маляўнічым, забудаваным галоўным чынам драўлянымі дамамі, мястэчкам, большасць насельніцтва якога складалі яўрэі. Не толькі касцёл, але і царква, і сінагога былі пабудаваны з дрэва і таксама прыцягвалі сваім выглядам увагу гісторыкаў ды спецыялістаў па архітэктуры. На няшчасце, нямецкія бомбы, якія ўпалі на Воўпу 29 чэрвеня 1941 года, пакінулі на месцы мястэчка суцэльнае папялішча. Ацалеў толькі размешчаны трохі збоку ад мястэчка вялізны драўляны касцёл, дзе ваўпянцы і сёння славяць Госпада Бога.
Першыя звесткі пра мястэчка адносяцца да 1449 года, калі Воўпа належaла вялікаму князю Казіміру Ягелончыку. 3 лістапада таго ж года ён падарыў вёску і двор Воўпа свайму пасцельнічаму Алехну Судзімонтавічу. У лісце было запісана, што дараванне застаецца за ім ці яго нашчадкамі, калі ж іх не будзе – вяртаецца да вялікага князя.
    Менавіта Алехна і яго жонка Ядзвіга заклалі ў Воўпе першы касцёл. У 1478 годзе яны багата забяспечылі новую парафію сялянскімі дварамі, якія павінны былі працаваць на касцёл і плаціць даніну мёдам. Касцёл атрымліваў мясцовасць Міраўшчына з борам, борцямі, дубровамі і лугамі. У святыні павінны былі штотыдзень адбывацца дзве Імшы – адна за продкаў Алехны, другая – за яго самога, жонку і дзяцей.
    У пачатку XVI стагоддзя Воўпа перайшла да князёў Гальшанскіх, частка з якіх незадоўга да таго прыняла каталіцтва. Аляксандр і Зоф’я Гальшанскія прыбудавалі да касцёла багата аздобленую капліцу, дзе павінны былі размясціцца іх пахаванні. Іх сын Павел Гальшанскі, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, стаў віленскім біскупам. Ён фактычна пераўтварыў Воўпу ў сваю рэзідэнцыю і вельмі клапаціўся аб парафіі. Дастаткова вялікая (на той час налічвала 50 дамоў) парафія мела добры даход з навакольных вёсак і мястэчак. Так, напрыклад, для пабудовы ў 1526 годзе і абслугоўвання прытулку для 4 ксяндзоў-місіянераў працавалі два фальваркі, мёд пастаўлялі з Гудзевічаў (што за 10 км ад Воўпы), акрамя таго, карысталіся местачковым млынам і лесам.
    Пасля смерці Паўла Гальшанскага Воўпа вярнулася ў дзяржаўны скарб і стала цэнтрам багатага Ваўпянскага староства. А ў 1624 годзе яе выкупіў для сябе знакаміты Леў Сапега і перадаў мястэчка свайму непаўнагадоваму сыну. Сапегам воўпа належала аж да 1831 года. Менавіта пры Сапегу быў пабудаваны чарговы касцёл з шасцю драўлянымі алтарамі, адзін з якіх захаваўся дагэтуль і з’яўляецца галоўным упрыгажэннем касцёла ў Воўпе. Алтар зроблены ў стылі пераходным ад маньерызму (позняга рэнесансу) да барока, больш старога драўлянага алтара ў Беларусі, хутчэй за ўсё, не захавался.
    У розныя часы ў Воўпе служылі Мікалай Дыцыюш – у будучым доктар тэалогіі, дэкан віленскага капітула (другая палова XVI стагоддзя), Мацей Кулігоўскі – аўтар “Дэмакрыта вясёлага” (канец XVI стагоддзя), Юзаф Касакоўскі – будучы віленскі біскуп і адна з найбольш супярэчлівых асоб нашай гісторыі. Касакоўскі згадваў гады прабоства ў Воўпе як самы лепшы час свайго жыцця. Менавіта ён, будучы чалавекам вельмі нябедным, за свае грошы збудаваў у Воўпе касцёл, які стаіць да цяперашняга дня. Касцёл Яна Хрысціцеля быў асвечаны 10 сакавіка 1776 года, у новую святыню перанеслі старажытныя алтары, амбон, лаўкі і іншае аздабленне.
    У канцы існавання Рэчы Паспалітай парафію перадалі для забеспячэння Віленскага ўніверсітэта, які збудаваў у Воўпе школу. Наогул Воўпе шанцавала на адукаваных і адданых людской і божай справе святароў. Яны ўтрымлівалі школу, падтрымлівалі жабракоў, збудавалі шпіталь. Дзякуючы такім святарам і адданым парафіянам касцёл ператрываў і савецкія часы. Сёння касцёл Яна Хрысціцеля ў Воўпе – шанаваны шэдэўр драўлянай архітэктуры.