Глыбокі супакой цалкам напоўніў мяне

Лісты чытачоў

Аднойчы мне разам з групай паломнікаў давялося пабываць у італьянскім горадзе Падуя. Мы ехалі, у першую чаргу, да мошчаў св. Антонія – вядомага каталіцкага прапаведніка, памочніка ў адшуканні згубленых рэчаў.
Па дарозе маю ўвагу прыцягнуў пэўны храм. На сэрцы з’явілася светлае пачуцце: вельмі захацелася туды трапіць. Была ўпэўненасць, што гэта менавіта той касцёл з мошчамі святога, куды мы і накіроўваемся. Але аўтобус праехаў міма і працягваў ехаць усё далей, далей... Я са смуткам падумала, што магчымасці пабываць у той святыні ў мяне ўжо не будзе.
    Далей была доўгая і цікавая экскурсія па горадзе, наведванне сабора св. Антонія Падуанскага, шпацыр па каларытных вулачках, рынках... Пасля паломнкі атрымалі каля 3-ох гадзін вольнага часу.
    Самастойна блукаючы ў незнаёмым горадзе, я трапіла… да таго самага касцёла, які бачыла, заязджаючы! Не магла паверыць сваім вачам! Кружыла вакол, не адважваючыся ўвайсці.
Ля ўваходу ў храм заўважыла белы камень з высечанай выявай манаха. Унутры, на шматлікіх абразах, таксама быў ён – мужчына невысокага росту (як пазней даведалася, 135 см). Нарэшце я падышла да шкляной труны, дзе знаходзілася цела гэтага манаха. Дакранулася – і забыла пра ўсё. Не хацелася адрываць сваю руку ад шкла: глыбокі супакой цалкам напоўніў мяне. Удалося знайсці месца, каб прысесці побач з мошчамі. Сядзела там так доўга, як толькі было магчыма. Ногі не хацелі нікуды болей ісці. Было адчуванне, быццам душа трапіла дадому. Аднак 3 гадзіны вольнага часу ўжо скончыліся, і я прымусіла сябе выйсці з касцёла...
    Менавіта так я і даведалася пра санктуарый св. Леапольда Мандзіча – каталіцкага святара, манаха капуцына, вядомага спаведніка. Ён марыў быць місіянерам на Блізкім Усходзе, каб аднавіць адзінства паміж праваслаўнымі братамі, а таксама стаць добрым і міласэрным спаведнікам. Па розных прычынах, у тым ліку звязаных са станам здароўя, а. Леапольду ў поўнай меры ўдалося рэалізаваць толькі другую сваю мару.
    Ён прысвяціў усяго сябе людзям, здзяйсняючы сакрамант споведзі па 10-12 гадзін у дзень. Быў даступны для патрабуючых ў любы час. Вернікі шукалі святара з надзеяй на бясконцую дабрыню Нябеснага Айца. Тыя, у каго ён быў спаведнікам, усхвалялі неверагоднае цярпенне манаха, непарушную далікатнасць, глыбокае разуменне, вялікае сэрца, чалавечнасць у слуханні. Аднак браты капуцыны часам вінавацілі яго за празмерную паблажлівасць, называлі “ўсёдаруючым”.
    Аднойчы а. Леапольд з болем сказаў: “Калі хто-небудзь становіцца перада мной на калені, хіба гэта не дастатковы доказ таго, што чалавек хоча атрымаць прабачэнне ад Бога?”. Калі падчас споведзі хтосьці быў перапоўнены слязьмі або занепакоены сумненнямі, а. Леапольд звычайна казаў: “Будзь спакойны; пакладзі ўсё на мае плечы. Я паклапачуся пра гэта”. Тлумачыў: “Я даю толькі невялікія пакаянні, таму што раблю ўсё астатняе самастойна”. Уначы гадзінамі маліўся, каяўся за грахі іншых. Толькі тройчы за сваё жыццё адмовіў у адпушчэнні грахоў, і потым вельмі ў гэтым раскайваўся.
    Падчас ІІ Сусветнай вайны манастыр айцоў капуцынаў у Падуі быў грунтоўна разбураны. Уцалела толькі келля-канфесіянал, дзе спавядаў а. Леапольд. Гэта прадказваў сам манах за некалькі гадоў да сваёй смерці: “Гораду будзе нанесена шмат удараў... манастыр таксама моцна пацерпіць... але гэтая келля – не. Тут Пан Бог праявіў шмат міласэрнасці да чалавечых душ, і гэта павінна стаць помнікам Яго дабрыні”. Слынны спаведнік адышоў у вечнасць 30 ліпеня 1942 года.
   Сёлета прыпадае 130-ая гадавіна святарскіх пасвячэнняў св. Леапольда Мандзіча. Маем нагоду падзякаваць Богу за Яго намесніка, праз якога тысячы вернікаў спазналі міласэрнасць любячага Айца і працягваюць спазнаваць ужо праз заступніцтва святога ў Небе.