Сакрамант намашчэння хворых

Задай пытанне

Ці можна ўдзяліць сакрамант намашчэння хворых паміраючаму чалавеку супраць яго волі? Ці будзе гэта з’яўляцца актам міласэрнасці, неабходным для збаўлення яго душы?
Сакрамант намашчэння хворых удзяляецца, перш за ўсё, цяжка хворым асобам. Раней ён здзяйсняўся толькі аднойчы як т. зв. “апошняе намашчэнне”. Сёння гэты сакрамант чалавек можа прымаць некалькі разоў за жыццё, знаходзячыся пад пагрозай смерці.
    Касцёл нікога не прымушае да намашчэння, а толькі прапануе сакраментальную паслугу. Чалавек заўсёды застаецца вольнай асобай, у тым ліку і ў сітуацыі, небяспечнай для яго здароўя. Ніхто не можа парушыць гэтае права, нават клапоцячыся аб збаўленні бліжняга.
Асоба, якая не хоча атрымаць намашчэнне, сама сябе пазбаўляе сакраментальнай ласкі. Гэта можа адбывацца з-за настойлівага трывання ў цяжкім граху, без жалю і жадання выправіцца. Здараюцца сітуацыі, калі хворы ці пажылы чалавек знаходзіцца ў поўнай свядомасці, здольны без цяжкасці размаўляць, і, маючы на сумленні цяжкія грахі, прагне паяднацца з Богам. Шкадуе за іх і хоча атрымаць адпушчэнне правін. Але да споведзі адносіцца прадузята: не прызнае яе абавязковасці і не збіраецца прыступаць да сакраманту пакаяння. У выпадку, калі хворы ў адказ на спробы растлумачыць, што гэта неабходны сродак паяднання з Богам, устаноўлены Езусам Хрыстом, надалей адмаўляецца ад споведзі, на жаль, яму нельга ўдзяляць сакрамант намашчэння хворых столькі часу, пакуль у яго будзе дастаткова сіл, каб паспавядацца. Калі асоба ўхіляецца ад сакраментальнай ласкі і наступае смерць, неабходна адразу запрасіць святара, каб разам памаліцца за памерлага.