Ці існуе розніца паміж чорнай і белай магіяй?

Задай пытанне

Чалавек, які свядома займаецца магіяй альбо карыстаецца паслугамі магаў, варажбітак і да т. п., здзяйсняе смяротны грэх, а ён нішчыць Божую любоў у чалавечым сэрцы і адштурхоўвае ад Айца праз цяжкае парушэнне Яго закону. У першай Божай запаведзі сцвярджаецца: “He май іншых багоў, апроч Мяне”. Таму той, хто звяртаецца да чараўнікоў, варажбітаў, акультыстаў, “святых” людзей, бабак і г. д., каб пазнаць сваю будучыню, аздаравіцца альбо выканаць нейкія магічныя рытуалы, здзяйсняе цяжкі грэх супраць веры.
Ён абавязаны спавядацца з гэтага, каб вярнуцца ў стан асвячальнай Божай ласкі (нават калі з моманту звароту да варажбіта альбо мага прайшло шмат часу). Займацца магіяй – азначае рабіць зло з дапамогай д’ябла. І нават белая магія, якая падаецца як добрая ў тым сэнсе, што спрыяе добрым справам (напрыклад, пошуку працы ці аздараўленню), на самой справе ідэнтычная чорнай. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла гаворыцца: “Усякае выкарыстанне магіі або варажбы, з дапамогай якіх спрабуюць прыручыць акультныя сілы, каб карыстацца імі і валодаць звышнатуральнай уладай над бліжнім, нават і для таго, каб дадаць яму здароўя, сур’ёзна супярэчыць рэлігійным цнотам” (ККК, 2117). Такім чынам, розніцы паміж белай альбо чорнай магіяй не існуе..