Чаму шкодна занядбаць адпачынак?

Задай пытанне

Як гэта ні парадаксальна, але сучаснаму чалавеку, у тым ліку хрысціяніну, трэба вучыцца адпачываць.
   Аказваецца, тэхналагічна развіты свет і слаба развітыя міжасобасныя адносіны пагражаюць нашай здольнасці нармальна функцыянаваць, не спрыяюць здароваму балансу паміж працай і адпачынкам. Перыяд адпускоў з’яўляецца добрай нагодай для рэгулявання гэтага жыццёвага балансу паміж актыўнасцю і пошукам магчымасцей рэгенерацыі сваіх сіл.
Галоўнае, пра што варта памятаць хрысціяніну ў арганізацыі адпачынку і карэкціроўцы працы, – гэта першая Божая запаведзь: ёсць толькі адзін Бог, і Яго нішто не можа засланіць. Усялякая неўпарадкаванасць імкнецца заняць месца Бога, сканцэнтраваць на сабе ўсе сілы, час, увагу. Тут варта ўзгадаць вядомы прынцып св. Аўгусціна: пастаў Бога на першае месца, і тады ўсё стане на сваё месца. Калі спачатку малітва, а пасля праца; калі спачатку нядзеля, а пасля працоўны тыдзень; калі спачатку св. Імша, а пасля пікнік, тады і праца, і адпачынак становяцца адпаведнымі і займаюць належнае ім месца ў жыцці.
    Па-другое, варта памятаць, што няма ніякай працы, якая была б важнейшай за асобу: Бога і чалавека (параўн. Ян 13, 34). Калі ў сваёй актыўнасці, але і ў адпачынку не забываць пра тое, што шчаслівыя не адзінокія, а тыя, хто мае з кім падзяліць сваё шчасце, тады і праца, і адпачынак прыносяць сапраўдную асалоду. Бо радасць не ў выкананых дзеяннях або бяздзеянні, а ў перажыванні ўсяго гэтага разам з іншай асобай.
    Па-трэцяе, варта не забываць, што сапраўдны адпачынак – гэта не поўнае бяздзеянне, а змена спосабу актыўнасці. Адпачынак неабходны нам для рэгенерацыі ўсіх сіл: і духоўных, і інтэлектуальных, і маральных, і фізічных. Неабходна даць сабе магчымасць вынырнуць з віру штодзённай занятасці, каб паглядзець на сябе збоку, даць сабе магчымасць новага далягляду, пераасэнсавання, карэкціроўкі іерархіі каштоўнасцей і прыярытэтаў (параўн. Мц 25, 14–30). Усё гэта немагчыма ў мітусні і руціне. Добрая праца патрабуе момантаў творчага адпачынку, змены асяроддзя, новага месца, адкрыцця непаўторнага свету іншых людзей, канкрэтнага месца на час без працы.
    Ёсць штосьці вельмі павучальнае ў тым, як Біблія апісвае працу Бога падчас стварэння свету (параўн. Быц 2, 2–3). Створца меў канкрэтную справу для выканання, якую і рэалізаваў. Пісанне падкрэслівае, што пасля скончанай творчай працы Бог адпачываў. Гэта быў спецыяльны час, каб паглядзець на плады сваёй працы, ацаніць іх, пацешыцца і падумаць пра будучыню. Ці не такога добрага, святога адпачынку шукае наша душа?