Як зразумець, што ў табе жыве злы дух? Ці дапамагае абрад экзарцызму кожнаму?

Задай пытанне

  Напачатку трэба крыху прыгадаць дзеянні злога духа. Першае – гэта спакуса. Спакусы бываюць у кожнага. Можна адрозніць натуральныя спакусы і тыя, што паходзяць ад д’ябла. Натуральныя звязаны з нашай слабасцю, калі, напрыклад, парушаем пост, але пры гэтым разумеем, што паступаем дрэнна. Калі ж мы не змагаемся са слабасцямі, не каемся і пастаянна жывём у такім стане, то рызыкуем упусціць у сваю душу злога духа.
Спакусы, якія паходзяць ад д’ябла, накіраваны на тое, каб збіць нас у адрозніванні дабра і зла. Нячысты ўзбуджае нашу пыху і стараецца пераканаць нас у тым, што мы самі, без Бога, можам вызначаць, што такое дабро і што такое зло. Інакш кажучы, ён прапаноўвае нам стаць багамі, выцесніўшы пры гэтым рэальнага Бога. Так, напрыклад, аборт з’яўляецца сёння дабром для многіх людзей.
    Другое – фізічнае ўздзеянне, калі ў чалавека ёсць праблемы са здароўем, невытлумачальныя з медыцынскага пункту гледжання. У гэтым выпадку ўжо экзарцысту трэба даследаваць мінулае чалавека, паглядзець, калі, дзе і пры якіх абставінах злы дух мог паўплываць на яго. Магчыма, праводзіліся акультныя дзеянні, або сам чалавек здзяйсняў абрады, рытуалы ці нават час ад часу іх практыкуе, або яшчэ пастаянна жыве ў цяжкіх грахах і не каецца.
    Трэцяе – насланнё, калі д’ябал уздзейнічае на чалавека не толькі на фізічным, але і на псіхічным узроўні. Напрыклад, у яго з’яўляюцца неадчэпныя ідэі самагубства, ён упадае ў дэпрэсію, мае невытлумачальныя выбухі гневу ці не можа ўвайсці ў святыню. Пакуль гэта знешні ўплыў злога духа, але ўжо вельмі моцны. Важна сказаць, што бывае вельмі цяжка вызначыць, гэта псіхічная хвароба або духоўная праблема. Таму вельмі важнае даследаванне ўрачоў-спецыялістаў і іх заключэнне.
    Чацвёртая, самая цяжкая ступень уплыву злога духа – апантанасць. У гэтым выпадку д’ябал прысутнічае ў целе чалавека. Тады праводзіцца экзарцызм – літургічнае дзеянне дзеля вызвалення чалавека ад уплыву д’ябла. Трэба заўважыць, што спачатку святар-экзарцыст гутарыць з чалавекам, з яго роднымі, каб лепш азнаёміцца з біяграфіяй не толькі самой асобы, але і яе сям’і. Канешне, акцэнт робіцца ў гэтых гутарках на тым, ці звярталіся да акультных практык, рытуалаў, абрадаў, магіі, чараўніцтва, праклёнаў, забойстваў, суіцыдаў, абортаў, прымхаў і забабонаў, сатанізму. Вядома, разглядаецца таксама рэлігійнае жыццё чалавека. Трэба разумець, наколькі мы жывём без Бога, наколькі злы дух можа дакрануцца да нас або нашай сям’і.
    Ці дапамагае экзарцызм? Канешне, так, але тут існуюць два бакі: Божы і чалавечы. Бог заўсёды ідзе насустрач, а чалавек – не заўсёды. Тут важная паслухмянасць Касцёлу і святару, які праводзіць экзарцызм. Усё вельмі індывідуальна, сам працэс выгнання можа доўжыцца гадамі.
    У нашай дыяцэзіі афіцыйна экзарцыстам з’яўляецца кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі.