Дыяцэзія |
Урачыстасць у Ражанцы
|
Святкаванне ўрачыстасці святых Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат) мела ў гэтым годзе выключны характар. Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч быў галоўным цэлебрантам урачыстай адпустовай св. Імшы. У сваім казанні дэкан Мастоўскага дэканата Рышард Якубец згадаў пра гісторыю адбудовы касцёла ў Ражанцы і ўдзелу ў ёй людзей. Пасля св. Імшы вернікі і святары прайшлі ва Эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла. Кульмінацыйны пункт урачыстасці – асвячэнне біскупам Аляксандрам Кашкевічам фігураў святых апосталаў Пятра і Паўла. Яны былі ўстаноўлены ў нішах на франтоне святыні. Ахвяраваў гэтыя фігуры Тэафіл Богдан з Друскенікаў, былы жыхар Ражанкі. Варта ўспомніць, што пасля рамонту гэтага касцёла ў 1990 г. гэты ж чалавек ахвяраваў касцёлу абраз Вастрабрамскай Божай Маці, які знаходзіцца ля галоўнага алтара. Драўляныя фігуры апосталаў выканаў малады, але ўжо вядомы разьбяр з Мікелеўшчызны Міхал Маскевіч.
Пілігрымка працаўнікоў службы аховы здароўя
У сваю першую пілігрымку ў Чанстахову (18 – 21 чэрвеня б.г.) адправілася душпастырства працаўнікоў службы аховы здароўя з Гродна. Такім спосабам пад духоўным кіраўніцтвам ксяндза Андрэя Радзевіча 49 дактароў і медсёстраў мела нагоду ўшанаваць сваё прафесійнае свята, якое прыпадала на 21 чэрвеня. У гэты ж дзень перад цудоўным абразам Яснагурскай Панны яны маліліся за шчасце і здароўе сваіх сем’яў і прасілі дапамагчы Божую Маці добрасумленна выконваць свае абавязкі. Па дарозе з Гродна на Ясную Гару вандроўнікі наведалі музей Солі ў Вялічцы, пабывалі ў Кальварыі Зэбжыдоўскай, у музеі Яна Паўла II у Вадавіцах і ў канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенціме. Удзячныя за арганізацыю паломніцтва ксяндзу Андрэю Радзевічу яе ўдзельнікі згодна сцвярджаюць, што яно было незабыўнай рэлігійнай падзеяй і наглядным урокам.
Летняя акцыя Карытас
Прадаўжаецца штогадовая акцыя гродзенскай Карытас “Летні адпачынак для дзяцей”. 25 чэрвеня б.г. у цэнтры для адпачынку ў Няцечы Лідскага раёна адбыўся другі заезд. Да 27 жніўня ў ім адпачне 325 дзяцей з усіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Наогул, як і штогод прадбачыцца 5 заездаў. Дзецьмі і моладдзю будуць апекавацца клерыкі з Вышэйшай Духоўнай семінарыі з Гродна, акадэмічная моладзь з розных мясцовасцяў Беларусі і маладыя валанцёры з Карытас – Беласток. Трэба ўспомніць, што кожны год гродзенская Карытас накіроўвае на летні адпачынак групы дзяцей-інвалідаў. Летняя акцыя магчыма, дзякуючы ахвярнасці шматлікіх вернікаў і спонсараў з нашай краіны. †
|
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|