Бог хоча павагі да жыцця

Актуальна - З жыцця Касцёла

(Прызнанне доктара, які зразумеў, што in vitro – гэта грэх)
Я быў дырэктарам адной з клінікаў, дзе праводзіліся медыцынскія маніпуляцыі па штучнаму апладненню in vitro. Я быў вядомы, у мяне было многа кліентаў, атрымліваў мноства грошай.
Аднойчы, будучы на вяршыні славы, я зняў халат і выйшаў на вуліцу. Меў ужо досыць медыцыны. Для мяне не было важна, ці я буду вартаўніком ці буду замятаць вуліцы. Я зразумеў, што з гэтай хвіліны самае важнае для мяне – павага да Бога.
Гэта вельмі асабістае і не магу пісаць пра падрабязнасці. Але адгаворваючы “Веру ў Адзінага Айца...” і вымаўляючы “еднасць святых” сцвердзіў, што in vitro - гэта грэх. У гэты момант пачалася мая пілігрымка-выхад з in vitro. Жонка і сын сталі на мой бок. Яны зразумелі, што мы можа не будзем мець столькі грошай, што магчыма нават нашае жыццё пройдзе ў бядзе. Нягледзячы на гэта, яны былі са мной. Мы паехалі ў Чанстахову і там перад абразом Божай Маці я стаяў на каленях. У пэўны момант падняў галаву і ўбачыў на бакавой калоне абраз, які адлюстроўваў вяртанне марнатраўнага сына, які быў прыняты бацькам. Я быў шчаслівы, што Бог дазволіў мне адказацца ад прафесарскай дзейнасці, якую я вёў да гэтага часу. Пазней мы былі з жонкай на рэкалекцыях, дзе я сустрэў сястру з аднаго манаскага ордэну, якая дала мне кнігу Хосэмарыі Эскрывы “Шлях. Баразна. Кузня”. Я чытаў яе фрагментамі, а яна давала мне ўказанні, як жыць. Праз паўгода мая жонка запісалася ў паломніцтва ў Святую Зямлю.
    31 сакавіка я адышоў з клінікі і адразу паехаў туды. Пятае Евангелле было для мяне так важна! Калі я пачаў хадзіць слядамі Хрыста, то гэта мяне нязвыкла ўзмацніла. Ноччу я пачуў словы: “Даверся Езусу”, якое было паўторана тройчы, пасля чаго я адчуў боль у вуху. Можа, гэтыя словы былі толькі плёнам майго ўяўлення, але боль – напэўна, не. Гэта было довадам таго, што Бог існуе і жадае ад нас павагі да жыцця, толькі давярай Богу і адгаворвай Вяночак да Божай Міласэрнасці! У Ерузаліме я стаяў ля Малочнай гроты – месцы, дзе бясплодныя пары моляцца, каб атрымаць патомства. Пазней быў Рым, а ў ім – далонь Езуса, якую Хрыстус выцягвае да нас і кладзе на кожнага з нас. Пасля таго, як я пакінуў клініку, то не ведаў, што мне рабіць. У мяне ж было амаль 15 гадоў вопыту па лячэнні бясплоднасці, а цяпер усё гэта кінуць?
    Пасля 8 месяцаў такой няпэўнасці да мяне пазваніла калега па працы з пытаннем, што такое напратэхналогія. У інтэрнэце хутка я знайшоў адказ на гэтае пытанне. Калі ў Рыме адзін амерыканскі прафесар арганізаваў сусветны з’езд па гэтай тэме, то я паехаў туды, паразмаўляў з ім і зразумеў, што гэта – маё і я павінен усё гэта ажыццявіць у Польшчы.
    Пасля вяртання дадому пачалася сур’ёзная праца. Трэба было прадумаць бізнес-план для новай установы – клінікі, дзе будуць лячыць няплоднасць сужэнстваў, выкарыстоўваючы напратэхналогію. Як гэта зрабіць, каб мець магчымасць канкурыраваць з клінікамі, дзе бясплодным парам дапамагаюць з дапамогай in vitro? На сённяшні дзень у Беластоку знаходзіцца галоўны цэнтр, які кантралюе праграму in vitro у Польшчы і менавіта ў ім я працаваў. Апрача гэтай клінікі ў Беластоку у краіне паспяхова дзейнічаюць яшчэ 3 клінікі, дзе прымяняецца in vitro. Трэба было зрабіць так, каб новая ўстанова была ў стане канкурыраваць з імі. Мне гэта ўдалося! З 1 студзеня 2009 г. у Беластоку функцыяніруе першая ў Польшчы клініка, у якой для лячэння бясплоднасці выкарыстоўваецца напратэхналогія. Мае калегі не любяць са мной сустракацца. Яны ведаюць, якія я меў вынікі ў праграме in vitro, і не ўмеюць са мной дыскутаваць. А я, абсталёўваючы новую ўстанову інструментамі, якія прыняты цэлым медыцынскім светам, незалежна ад чыіх-небудзь поглядаў, хачу даказаць, што напратэхналогія можа быць больш эфектыўная, чым праграма in vitro. Магу вам сказаць, што з маім амаль 15-ці гадовым вопытам у праграме in vitro, я ўжо бачу, што напратэхналогія – гэта фантастычны метад. Трэба толькі гэта перакласці на мову статыстыкі і даказаць, што так ёсць на самай справе. Вельмі важна тое, што напратэхналогія не з’яўляецца замяшчальным спосабам лячэння, яна лечыць прычыны бясплоднасці. Гэта – вялікая прафілактыка, якая дае магчымасць жыць кожнай зачатай людской істоце і паважае яе.
    Я дзякую Богу, што Ён дазволіў мне гэта заўважыць. Добры Бог загадвае мне таксама расказваць пра гэта людзям, перад якімі выступаю.
    Адыход з праграмы in vitro быў для мяне такім стрэсам, што я захварэў цукровым дыябетам. Я быў чэмпіёнам Польшчы па лыжных гонках, займаўся іншымі відамі спорта, меў моцнае здароўе, а ў маёй сям’і ніколі ніхто не хварэў цукровым дыябетам, а тут раптам – цукровы дыябет! Як жа зразумець чарговы этап жыцця? Як нарадзіцца ізноў? Бог даў мне сабаку, таму ў свабодны час я іду з ім на шпацыр. Ён гэта вельмі любіць і заўжды выцягвае мяне з дому, а рух з’яўляецца найлепшым лякарствам на цукровы дыябет. Падчас гэтых шпацыраў шмат я раздумваў пра сваё жыццё: над тым мінулым у клініцы, дзе я працаваў па праграме in vitro, з грашамі, але без Бога і тым, пасля навяртання, калі з Яго волі я магу дапамагаць людзям па-іншаму, не парушаючы Божых законаў. Падчас гэтых шпацыраў я прадумаў таксама і гэты ліст да вас, чытачы, жадаючы засведчыць пра тое, што Бог існуе.
Тадэвуш Васілеўскі