З 27 па 30 студзеня доўжыўся чарговы Еўрапейскі кангрэс універсітэцкага душпастырства, арганізаваны Радай Каферэнцыі Біскупаў Еўропы (CCEE – Consilium Conferentiarum Episcoporum Europae). У гэтым годзе ўдзельнікаў Кангрэса гасціла архідыяцэзія Мюнхена (Баварыя, Германія). Упершыню ўдзел у падобным мерапрыемстве прыняў дэлегат Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі кс. Антоні Грэмза з Гродна. Кангрэс адбываўся пад дэвізам “Фармацыя, адукацыя і Евангелле. Перспектывы ўніверсітэцкага душпастырства ў Еўропе”. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Канферэнцыі Біскупаў Еўропы з 30 дзяржаў, а таксама прадстаўнікі касцельных супольнасцяў і рухаў. Пад кіраўніцтвам Камітэта Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы па справах катэхізацыі ўдзельнікі Кангрэса разважалі над галоўнымі праблемамі. У якасці дарадцаў у Мюнхен прыбылі прадстаўнікі ватыканскай Кангрэгацыі выхавання і каталіцкага навучання, а таксама Камісіі па справах мігрантаў.
Падчас сустрэчы душпастыраў і адказных за інтэлектуальную фармацыю ў Касцёле падкрэслівалася, што пастаральны клопат пра студэнтаў і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў займае сёння адно з прыярытэтных месцаў у касцельнай дзейнасці апошняга дзесяцігоддзя. †