Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: мясцовы Касцёл робіць моцнае ўражанне

З жыцця Касцёла

Апостальскі нунцый у Беларусі абп Клаўдыё Гуджэроцці знаходзіўся з візітам у Гродне. Візіт пачаўся з сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Сямёнам Шапірам 3 лютага. На наступны дзень абп Клаўдыё Гуджэроцці наведаў гродзенскія парафіі і касцёлы.
Першай святыняй, якую наведаў прадстаўнік Святога Айца, была гродзенская катэдра. Пробашч касцёла кс. Ян Кучынскі пазнаёміў арцыбіскупа з гісторыяй кас­цёла: перыядамі будаўніцтва, дзейнасцю езуітаў, распавёў пра цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай і паказаў Яе капліцу. Арцыбіскуп таксама змог убачыць адноўлены галоўны алтар катэдры, які быў панішчаны пажарам 5 гадоў таму, а таксама бягучыя працы па аднаўленні фрэсак катэдры. Варта адзначыць, што ксёндз пробашч вёў расповед на італьянскай мове.

   Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу нун­цыя на тое, што ў катэдры існуе малітоўная група, якая штодня адаруе Найсвяцейшы Сакрамант. “Дзякуючы няс­томным малітвам людзей удалося зрабіць такія вялікія працы па аднаўленні алтара і фрэсак у катэдры”, – падкрэсліў ксёндз біскуп Аляксандр.

   Наступнай святыняй, якую наведаў абп Клаў­дыё Гуджэроцці, быў Пабер­нар­дынскі касцёл, дзе гасцей сустракаў пробашч касцёла кс. Антоній Ханько разам з вікарыямі.

   Прадстаўнік Святога Айца таксама наведаў Францішканскі касцёл, дзе айцец Юзаф Макарчык расказаў пра дзейнасць айцоў францішканаў у Гродне і пра св. Максімільяна Кольбэ, які пэўны час працаваў у гэтай святыні. Затым ксёндз арцыбіскуп наведаў дзве маладыя гро­дзен­скія парафіі: Божай Міласэрнасці на Вішняўцы і Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы, дзе даведаўся аб душпастырскай дзейнасці ў шматлюдных парафіях.