Св. Імша падзякі за дар жыцця і паклікання светлай памяці сястры Францішкі

З жыцця Касцёла

С. Францішка ў сваім пакоі  ў кляштарыСястра Францішка запом­ніцца ўсім нам як радасная і адкрытая асоба, якая праз усё жыццё аддана служыла Богу і бліжняму. Пахавальная св. Імша светлай памяці сястры Францішкі з супольнасці сясцёр назарэтанак у Пабрыгіцкім касцёле была і сумнай, бо блізкія страцілі дарагога чалавека, і поўнай шчырай падзякі за дар жыцця с. Францішкі (Марыі Занеўскай), за дар яе цярпення, малітвы і ахвяравання жыцця цалкам для Бога.
    На св. Імшы прысутнічалі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, кс. бп Антоній Дзям’янка, святары з Мінска-Магілёўскай архідэяцэзіі, з Маскоўскай архідыяцэзіі, святары з Гродзенскай дыяцэзіі, сёстры з супольнасці назарэтанак, а таксама шматлікія вернікі.
    – Сёння нас сабрала, паклікала ў гэтую святыню і запрасіла на супольную малітву ўжо светлай памяці сястра Францішка, – прамовіў на пачатку літургіі кс. бп Аляксандр. – Нас так шмат сабралася каля яе труны, але наш погляд не затрымліваецца на труне, а скіроўваецца на крыж, які з’яўляецца знакам як смерці, так і перамогі. С. Францішка служыла Касцёлу асаблівым спосабам, захоўваючы евангелічныя парады, бо сам Хрыстос паклікаў яе да больш дасканалага жыцця, чым звыклае свецкае жыццё, яна шмат гадоў пражыла ў супольнасці. Напэўна, кожны з нас хоча яе памятаць такой, якой яна была ў жыцці – радаснай. Сястра Францішка служыла з вялікай радасцю кожнаму чалавеку, якога сустракала. Тым самым яна служыла Хрысту ў Яго Касцёле. Гэта вялікі дар, за які мы хочам дзякаваць добраму Богу. Дарагая Сястра, мы хочам быць разам з Табой у малітве, выпрошваючы, каб анёлы правялі Цябе ў рай, бо Ты служыла Касцёлу з вялікай адданасцю, з вялікай ахвярнасцю і сапраўднай хрысціянскай радасцю.
А. Юзаф Макарчык у сваёй гаміліі прыгадаў жыццё с. Францішкі. Яна нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, што ў тыя часы было традыцыйным. З маленства яна цікавілася жыццём Касцёла, хадзіла на ўрокі катэхезы. Зусім дзяўчынкай прыйшла ў супольнасць сясцёр назарэтанак. Сястра настаяцельніца тады сказала маленькай Марысі пачакаць яшчэ і набрацца сіл да жыцця ў супольнасці. Але каб дзяўчынка перачакала той час з карысцю і не сышла з дарогі паклікання, сястра настаяцельніца дала ёй павучанне, як жыць, каб не страціць паклікання. Калі прыйшоў час, дзяўчына была прынята ў супольнасць сясцёр назарэтанак і атрымала імя Францішка ад Святога Духа.
    – Затрымаемся трошкі над асобай с. Францішкі. Варта спачатку сказаць, што яна моцна любіла сваю сям’ю. Калі яна ўступіла ў манаскую супольнасць, то атрымала ўжо новую сям’ю, але не страціла старой, – распавядаў а. Юзаф. – Яна вельмі моцна перажывала кожную справу, якая адбывалася ў яе сям’і з роднымі. Можна сказаць, яна была сумленнем сям’і. Пакуль яшчэ магла хадзіць, яна ездзіла паўсюль, дзе магла сказаць, што мусіць быць так, а не інакш: “Як вы жывеце? Трэба змяніцца!” – і родныя прыслухоўваліся. Бо сястра гаварыла ад сэрца, іначай і не магла. Яна была простым Божым чалавекам. Яна плакала, калі ў сям’і было дрэнна. Тады яна ішла ў капліцу і малілася за сям’ю. І шчыра радавалася, калі ў сям’і ўсё было добра. За дабро ад Бога яна ўмела дзякаваць. Многія сёстры прыходзілі да яе ў часы сумненняў ці праблем: сястра Францішка ўмела выслухаць, параіць і памаліцца, нікога не адштурхоўваючы. Яна была ўзорам таго, як перажыць сваё пакліканне ў еднасці з Панам Богам.
    Сястру заўсёды і ўсюды можна было ўбачыць з ружанцам, бо яна мела, за каго маліцца. Сястра добра ўмела перажываць любыя клопаты.
    – Калісьці яна мяне пытала: “Ксёндз Юзаф, як гэта будзе перажыць смерць?” А калі я быў у яе апошні раз, с. Францішка сказала мне: “Я ўжо магу памерці, я ўжо гатова, я падрыхтавана: я ўжо старая, мне шмат гадоў, я многае ў сваім жыцці ўбачыла, зрабіла, пражыла жыццё добра, з Панам Богам заўсёды, давяраючы, верачы ў Езуса Хрыста, які для мяне быў заўсёды на першым месцы...”
   Малітва пры труне напрыканцы св. Імшы Напрыканцы св. Імшы прамовіла сястра Нэрэуша, настаяцельніца назарэтанскай супольнасці:
    – Ад імя ўсёй нашай супольнасці сясцёр назарэтанак, ад імя светлай памяці сястры Францішкі, я хачу выразіць вялікую падзяку ксяндзу біскупу Аляксандру, ксяндзу біскупу Антонію і ўсім прысутным за дар св. Імшы, за яднанне з намі ў гэтым балючым досведзе, бо нам будзе не хапаць сястры Францішкі. Дзякуй таксама за сям’ю, якая, нягледзячы на клопаты, знаходзіцца тут разам з намі. Кожны будзе памятаць сястру як асобу радасную, адкрытую, гасцінную, бо кожная сустрэча з іншым чалавекам была для яе вялікай радасцю. І я ведаю напэўна, што яна сёння радуецца, бо столькі любячых і адданых сэрцаў моліцца ў яе інтэнцыі. Мы глыбока верым, што яна ўжо ў небе будзе заступацца за нас перад Панам Богам. Пахавалі с. Францішку на старых пабернардынскіх могілках.
    Вечны адпачынак дай ёй, Пане!