Ян Павел II стане святым

З жыцця Касцёла

Кананізацыя Яна Паўла II і Яна XXIII адбудзецца 27 красавіка наступнага года, – абвясціў папа Францішак падчас кансісторыя ў Ватыкане.
Падчас прэс-кан­ферэнцыі ў са­ма­лёце на зва­ротным шляху з Сусветнага дня моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра папа Францішак прызнаў найбольш верагоднай датай кананізацыі Нядзелю Божай Міласэрнасці 27 красавіка 2014 года. Пантыфік, выказваючыся пра Яна Паўла II, указаў, што гэта быў вялікі місіянер Касцёла, які нёс агонь Евангелля падобна святому Паўлу.
    5 ліпеня бягучага года са згоды папы Францішка Кангрэгацыя па справах кананізацыі выдала дэкрэт, які прызнае цуд праз заступніцтва бл. Яна Паўла II. Ён адбыўся на Костарыцы 1 мая 2011 г. у дзень беатыфікацыі Папы-паляка. Маладая жан­чына, якая пакутавала ад анеўрызма мозга, малілася аб заступніцтве Яна Паўла II і далучылася праз тэлебачанне ў малітву ўсяго Касцёла за яго. Пад канец цырымоніі беатыфікацыі яна заснула, а калі прачнулася на наступны дзень, адчула, што сімптомы хваробы зніклі. Унутраны голас сказаў ёй: “Устань, не бойся, вазьмі сваё жыццё нанова”.
    Ян Павел II быў беаты­фі­каваны 1 мая 2011 г. Бене­дыктам XVI. Разам з Папам-палякам адбудзец­ца кананізацыя папы Яна XXIII, які склікаў II Ватыканскі Сабор.