Святкаванні пачаліся ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Затым вернікі і духавенства ў эўхарыстычнай працэсіі перайшлі ў касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Перад св. Імшой гродзенскі гісторык Уладзімір Ляўшук прачытаў даклад, у якім падрабязна распавёў пра гісторыю пабрыгіцкага касцёла. Затым распачалося ўрачыстае набажэнства, якое цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Эўхарыстыі прыняў удзел таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У гаміліі арцыпастыр прыгадаў тыя часы, калі ў канцы 1980-х гадоў улады паволi пачалі перадаваць Касцёлу канфіскаваныя раней святынi. Таксама іерарх зазначыў: “Маючы на ўвазе тое, што касцёл належыць супольнасці сясцёр назарэтанак, яго сучасная гісторыя дае выдатны адказ на пытанне: «Што добрага можа быць з Назарэту?» Аганьбаваны і зруйнаваны, ён ізноў прыцягвае людзей прыгажосцю сваёй архітэктуры і з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам”.