Пальмовая нядзеля ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы

З жыцця Касцёла

У гэты дзень я адчуў, што мы адна вялікая сям’я Божых дзяцей”, – місіянер пра перажыванне Пальмовай нядзелі.
Нядзеля Мукі Пана адзначаецца самым урачыстым чынам ва ўсім свеце. Яна нагадвае пра ўезд Езуса ў Іерусалім, каб там памерці і ўваскрэснуць, а таксама распачынае святкаванне Пасхальнай таямніцы.
Падобным чынам гэты дзень праходзіць і ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе ў дыяцэзіi Буар ужо некалькі месяцаў служыць кс. Анджэй Ганчар, місіянер з Гродзенскай дыяцэзіі.
    Святар адзначае, што на перыяд Вялікага посту разам з вернікамі зрабілі пастанову, каб кожны дзень выходзіць у іншую вёску (часам за 35-40 км) – штосьці накшталт нашых пешых пілігрымак. У Пальмовую нядзелю яны таксама вырушылі ў дарогу. Кс. Анджэй адзначае, што ў працэсіі ўдзельнічала нябачаная дагэтуль колькасць людзей, ідучы праз усю вёску ад адной святыні да другой, спяваючы рэлігійныя песні, дзелячыся на шляху сваёй верай і сведчаннем, падбадзёрваючы тых, хто знаходзіцца ў страху з-за ўзброенага канфлікту, а таксама паказваючы, што іх Пан – Езус Хрыстус.
    “У гэтай вёсцы жыве шмат мусульман, лютэран і людзей іншых веравызнанняў. На тварах тых, каго сустракалі, мы бачылі радасць і супакой. Нашы вернікі таксама адпаведна падрыхтаваліся да гэтага дня: апранулі самае прыгожае адзенне, зрабілі пальмовыя галінкі”, – дадае святар.
    Місіянер адзначае, што з-за палітычнай сітуацыі на гэтым кантыненце ўсім трэба яшчэ больш набліжацца да Бога праз малітву, засяроджанне і Божае слова.