Пра разуменне адзін аднаго, веру ў часы атэізму і пачуццё гумару – 50 гадоў разам

Актуальна - З жыцця Касцёла

З нагоды літургічнага ўспаміну бл. сясцёр мучаніц з Навагрудка,  заступніц сем’яў, прыгледзімся да жыцця адной сужэнскай парыУ бягучым годзе Галіна і Рамуальд Ражко адсвяткавалі сваё залатое вяселле. Яны выхавалі шасцёра дзяцей, перажылі страту сына, сумленна працавалі – і ўсё гэта з верай у Бога. Цяпер сужэнцы працягваюць з радасцю прымаць на лета ўнукаў у вёсцы Старадубавая, дзе маюць гаспадарку.
50 гадоў – як Вы глядзіце на гэты час?
    Рамуальд: З задавальненнем. Як гавораць, столькі пражыць сумесна і ні разу не пасварыцца – гэта неверагодна. Канешне, былі і ў нас агрэхі – моманты, што раззлуешся трохі. Але мы хутка адыходзілі. Не было такога, каб некалькі дзён ці тыдняў не размаўлялі, каб глядзець адзін на аднаго не маглі.
Адзін выпадак магу расказаць. Мы тады толькі ажаніліся. Я вучыўся на завочным у інстытуце і мусіў пільна зрабіць заданне. А тут Галя прыходзіць і пачынае канькаць: “Я да мамы хачу, давай хоць на 5 хвілін пад’едзем”. Згадзіўся. Селі на матацыкл, трохі ад’ехаліся. “Ой, дакументаў не ўзяў!” – успомніў я і, развярнуўшыся, вярнуўся дадому. Прыехаў, паставіў матацыкл пад сцяну ды кажу: “Пасядзі, я зараз”. А сам сеў і стаў пісаць, займацца. Яна чакала, чакала… Чую: прыйшла, адчыніла дзверы, злосна паглядзела, зачыніла і больш не прыходзіла. Пазней спыталася ў мяне, чаму так зрабіў. А я адказаў: “Галя, ты можаш зразумець, што мне трэба гэта зрабіць і заўтра адвесці?”. І ўсё ўжо было ў парадку.
   
    Колькі Вам было гадоў, калі ажаніліся?
    Галіна: Мне было 22, а Раману 28 – на 6 гадоў старэйшы.
   
    А як і дзе Вы пазнаёміліся?
    Галіна: Ведаем адзін аднаго са школы. Я ў Падліпкі хадзіла з першага класа, а ён прыйшоў у 8-ы. Пасля 10-га паступіў у тэхнікум, а затым у армію пайшоў, і мы не бачыліся.
    Я, як скончыла тэхнікум, у краме тут працавала. Раман прыйшоў з бацькам нешта купляць: у ваеннай форме, “прыгажун мужчына”. І штосьці мне заклініла, я памылілася. Ён нічога не сказаў. А бацька ўсміхнуўся і папрасіў пералічыць яшчэ раз. Я ўжо зразумела, што няправільна палічыла, і тады не толькі твар, але і вушы ў мяне чырвоныя ад сораму сталі (смяецца – заўв. аўт.).
    Застаўся ён тут працаваць. Танцы ў клубе, на рэпетыцыі хадзілі… Так паціху раз правёў дадому, другі раз. А потым пост. Прыйдзе ў магазін, купіць – і нічога. Я ўжо думала, што ўсё, прайшла любоў. “Ну, не – значыць не”. Ужо да мяне і другі хлопец стаў падыходзіць… А пасля Раман аб’яўляе, што ў посце мама яму не дазваляла хадзіць да дзяўчат. Рамуальд: Бацькі строгія былі: пост ёсць пост. І яе бацькі, і мае.
   
    Вы адразу і вянчаліся, і распісваліся?
    Галіна: Мы распісаліся 17-га ў Падліпках у сельсавеце. Гэта была субота. А 25-га, у нядзелю, адкрыта павянчаліся.
    Рамуальд: Атэізм быў тады, канешне.
    Галіна: Пасля нас дзесьці ў райкоме “вывесілі”, што жаніліся так.
   
    А як рашыліся ў такі час?
    У Вас не стаяла пытанне, каб не вянчацца?
    Аднагалосна: Не, не стаяла.
    Галіна: Раман не быў партыйным. У камсамоле, але непартыйны. Адзінае, калі Ваню хрысцілі – пятае дзіця, – то ўтаілі. Рамана правяралі на працы. Ён прыязджаў сюды з горада, мы разам ездзілі на Імшу, а назаўтра ўжо начальства ведала, што ён быў у касцёле. Але заўсёды казаў, што мае сталых бацькоў і павінен іх адвезці туды.
    Рамуальд: Мяне нават сакратар райкома камсамола выклікаў па гэтым пытанні. А я гаварыў так: “У вас бацькі ёсць? Вы іх паважаеце? Што ў нас напісана наконт бацькоў у Канстытуцыі нашай альбо ў Евангеллі? Шануй сваіх бацькоў. Вось я і шаную іх. Мне тата купіў аўтамабіль і сказаў: «Сынок, бяры гэтую машыну, але ты павінен пры любых абставінах нас з мамай адвезці да касцёла». І гэты іх завет я выконваю. Што яшчэ ад мяне трэба? Я што, п’ю на працы?
    Не выконваю сваіх абавязкаў па службе? Паглядзіце, прэміі кожны раз атрымліваю, падзякі”. І на Канстытуцыю спасылаўся. Казаў: “У нас у Канстытуцыі ясна запісана, што незалежна ад веравызнання, ты можаш выбірацца ў любыя органы савецкай улады”.
    Па сутнасці, да перабудовы ў мяне ўвесь час было змаганне з партыяй. Я меў такія аргументы, што мог даваць адпор і пастаянна адкрыта ездзіў у касцёл. Сваю работу ведаў, людзей паважаў, і яны мяне паважалі, начальства паважала. Калі шлюб браў, сябар замовіў аўтобус у аўтобусным парку.
    Галіна: Мы на хутары жылі, кругом лес. Прыехаў галоўны інжынер, галоўны аграном, старшыня сельсавета. Яны спілавалі бярозу і перавалілі праз дарогу, аўтобус пад’ехаў і стаў. Сват прыляцеў, пачаставаў іх – бярозу адцягнулі.
    Старшынёй сельсавета была мая аднакурсніца з тэхнікума. Яна потым казала, што я “распісвацца прыехала ў спадніцы, а на шлюб апранулася, як каралева”. На тыя часы ў мяне была прыгожая сукенка, з люрэксам. Дваюрадны брат з Польшчы матэрыял прывёз.
    Рамуальд: Ты і сама была прыгожая. І цяпер засталася.
   
    Часта пары спярша прыціраюцца адно да аднаго. Вы, калі пачыналі жыць разам, сварыліся?
    Галіна: Не сварыліся. Хіба што я на пачатку папускала. Нават больш у адносінах не да мужа, а да бацькоў, пакуль жылі разам. Пасля муж атрымаў кватэру, перабраліся ў Гродна. У нас тады было пяцёра дзяцей. Потым ізноў вярнуліся назад (у в. Старадубавая – заўв. аўт.).
    Рамуальд: Самы галоўны складнік таго, што мы так доўга разам, – уменне саступаць і разумець адзін аднаго. І я мог папсіхаваць трохі, і яна. Мы тут пабурчалі, тут абняліся, пацалаваліся і пайшлі спаць. Канешне, у жыцці было рознае: і белыя палосы, і чорныя.
    Галіна: Чорныя палосы… Самае наша вялікае гора – гібель сына Паўла. Ён скончыў тэхнічны каледж у Гродне. Пасля паступіў у БНТУ (Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт – заўв. аўт.). Адвучыўся на стацыянары і атрымаў скіраванне на Мінскі трактарны завод у аддзел галоўнага канструктара. Стаў там працаваць.
    У той дзень праходзіла нейкае спаборніцтва па футболе. Паўлік таксама там быў. Потым яны кампаніяй неяк аказаліся каля трактарнага завода, у кафэ, была вечарына. Адтуль яму трэба было ў супрацьлеглы бок ісці, але чамусьці накіраваўся ў іншы і – апынуўся на рэльсах.
    Я дагэтуль лічу, што Паўлік не сам туды пайшоў… Спісалі на неасцярожнасць. Мы яго нават не бачылі, бо цела было надта параненае. Так і пахавалі. Усё яшчэ не верыцца, што ён там ляжыць… Гэта для нас загадка, і думаю, што калі-небудзь яна праясніцца.
    Рамуальд: Якія там былі абставіны, што там здарылася – ніхто не ведае. Факт, што дадому сын не дайшоў. Я ездзіў у Мінск пасля пахавання, задаваў пытанні, але не атрымаў канкрэтных адказаў. Гэта быў самы змрочны час.
   
    Як Вы захавалі сваю сям’ю? Як у такіх сітуацыях дапамагчы адно аднаму? Бо не ў кожнай пары атрымліваецца перажыць страту дзіцяці.
    Рамуальд: Дзеля дзяцей. Жыццё працягваецца.
    Галіна: У нас нават гаворкі не ішло, што разыдземся. Аднойчы ў касцёле на Дзевятоўцы я не магла стрымаць слёз.
    А. Вальдэмар Слота які быў у той час пробашчам, убачыў, што я плачу, і пасля Імшы падазваў да сябе. Сказаў тады:
    “Спадарыня, даверцеся Богу. Ён забірае чалавека ў найбольш адпаведны час. Гэта значыць, што ваш сын дарос да Неба і гатовы да сустрэчы з Панам. Бог бачыць будучыню. Магчыма, Павел пазней учыніў бы нейкі грэх. Пан яго ад гэтага засцярог. Даверцеся Богу”. Такія былі яго словы, і яны мне трохі камень з душы скінулі.
   
    Як не разысціся, калі расчараваўся ў другім чалавеку? Як паверыць, што можна жыць адзін з адным, і гэты адзін чалавек будзе цікавы другому да канца жыцця?
    Галіна: Давяраць і думаць аб тым, што ты выбраў чалавека на ўсё жыццё. Прысягнуў, што не пакінеш яго ажно да смерці.
    Мы жаніліся па любві, як гаворыцца. Перад гэтым сябравалі тры з паловай гады. Мы ведалі, што жэнімся на ўсё жыццё. Колькі нам Бог вызначыў, столькі і пражывём. І ніколі не было такой думкі – каб адысці.
    Рамуальд: Неабходны сакрамант сужэнства. Трэба, найперш, усведамляць, што выбіраеш чалавека на ўсё жыццё. Відавочна, не могуць ужыцца пары, дзе кожны хоча камандаваць. Яны не ўступаюць адзін аднаму, і гэта пачынае злаваць. Пачынаюцца склокі, нянавісць – і людзі разводзяцца. Я так мяркую.
    Галіна: Многія разводзяцца праз рэўнасць. У нас ніколі не было рэўнасці, як і поваду для яе.
    Рамуальд: Было такое, што паеду на сесію на месяц, вяртаюся, а мне шэпчуць, што Галя хадзіла туды ці туды. Адной асобе, памятаю, груба адказаў, а так жартамі: “Я цешуся, калі на маю жонку яшчэ звяртаюць увагу”. У нас не было кантролю, усё было пабудавана на даверы.
    Так сужэнства і захоўваецца: давер адзін да аднаго, вера ў Бога. Мы Імшаў не прапускалі. Я вось і ў Мінску, калі ў камандзіроўках быў ці на курсах, то заўсёды заходзіў у Чырвоны касцёл. Мужыкі пытаюцца ў нядзелю: “Куды ты?”. Я ўсім не распавядаў, з адным калегам дзяліўся, што на Імшу іду, і ён разумеў. Перад іншымі казаў: “Мужыкі, пачакаем яго. Справы мае”. Вяртаўся я, тады і стол накрывалі, сядалі, па чарачцы выпівалі, вось так і вечар праходзіў.
    Дзе бываў, не прамінаў, каб у касцёл зайсці.
   
    Цяпер многія пары не разумеюць, навошта распісвацца і навошта вянчацца. Як бы Вы адказалі на гэтае “навошта”?
    Галіна: Хіба нам у дзяцінстве ўлажылі, што жыць без шлюбу – гэта вялікі грэх. Мы старой закалкі.
    На 25 гадоў шлюбу на Дзевятоўцы нас ксяндзы бласлаўлялі. У той час тры месяцы было нашай малодшай дачцэ Вераніцы. Яна нарадзілася, калі я мела 47 гадоў, а Раман – 54. Для ўсіх, канешне, гэта быў шок, а для нас – падарунак на сярэбранае вяселле. На 30-ую гадавіну мы таксама Імшу запісвалі, блаславіў нас святар. На 40-годдзе былі ў Адэльскім касцёле. Цяпер вось на 50-годдзе. Я лічу, што мы пражылі так з Богам, з Божым бласлаўленнем.
    Мае бацькі таксама 50 гадоў сужэнства святкавалі ў касцёле. І Рамана бацькі 50 гадоў разам пражылі, таму мы шчаслівыя.
    Рамуальд: Я лічу, што мы гэтыя 50 гадоў прайшлі з годнасцю, вытрымалі ўсе выпрабаванні.