Патранальнае свята паўлінаў адзначылі ў Карэлічах

З жыцця Касцёла

Урачыстасць св. Паўла Першага Пустэльніка, патрыярха ордэна паўлінаў, адбылася 15 студзеня ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (дэканат Навагрудак), дзе ўжо 29 гадоў служаць айцы паўліны.
Манаская супольнасць на працягу дзевяці дзён рыхтавалася да ўрачыстасці навэннай да св. Паўла Пустэльніка.
    Гэта асаблівы час у жыцці айцоў і братоў паўлінаў – як для карэліцкай супольнасці, так і для тых, хто служыць у кляштарах па ўсім свеце, – каб засяродзіцца на галоўнай мэце і харызме паўлінскага жыцця, якой з’яўляецца ідэя сузірання Бога ў адзіноце – “Solus cum Deo solo” (“Сам-насам з Богам”).
Урачыстую св. Імшу разам з запрошанымі святарамі ў намеры Ордэна Святога Паўла Першага Пустэльніка цэлебраваў Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі айцы Ежы Саковіч і Ануфрый Альховік, якія служаць у парафіі, аднавілі манаскія абяцанні цнатлівасці, беднасці і паслухмянасці.
    Напрыканцы св. Імшы іерарх удзяліў дзецям асаблівае бласлаўленне, прызначанае на гэты дзень, бо св. Павел, патрыярх ордэна паўлінаў, лічыцца асаблівым заступнікам і апекуном дзяцей, а таксама маці, якія чакаюць патомства.
    Пры выхадзе са святыні кожны ўдзельнік літургіі атрымаў салодкі пачастунак – між іншым, фінікі і інжыр. Гэта плады пустыні, дзе 90 гадоў у самотнасці правёў св. Павел.
    Таксама вернікі атрымалі бохан хлеба. Менавіта падчас гарачых малітваў у пустыні святы атрымліваў палову хлеба, які штодня прыносіў яму крумкач. А калі св. Павел быў блізкі да смерці, яго наведаў св. Антоній, пустэльнік, у той дзень крумкач прынёс цэлы бохан.
    Біскуп Кашкевіч падзякаваў айцам паўлінам за руплівае служэнне ў карэліцкай парафіі, за духоўную апеку над даручанымі ім вернікамі і за ўсе ініцыятывы манахаў.
    А таксама пажадаў парафіяльнай супольнасці развівацца далей, збіраючыся ў адноўленым храме, які захапляе сваім малітоўным настроем і прыгажосцю.