Адышоў у вечнасць кларэтын a. Пётр Марцінец

З жыцця Касцёла

Св. Імша ў касцёле ў Азёрах у інтэнцыі памерлага а. Пятра

6 лютага на 79-ым годзе жыцця адышоў у вечнасць a. Пётр Марцінец CMF. Святар значную частку пастырскага служэння прысвяціў Гродзенскай дыяцэзіі, 17 гадоў з’яўляючыся пробашчам парафіі Хрыста, Валадара Сусвету, у Азёрах, душпастырам парафій Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жытомлі і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кашубінцах (дэканат Гродна-Усход). Некалькі гадоў быў таксама дэканам дэканата Гродна-Усход і любімым спаведнікам семінарыстаў, святароў і кансэкраваных асоб.
Пахавальная св. Імша адбылася ў Польшчы 11 лютага ў касцёле св. Марціна ў Пачыне (Глівіцкая дыяцэзія). Цела святара спачыла на мясцовых могілках.
   Напярэдадні яго пахавання св. Імшу ў касцёле ў Азёрах у інтэнцыі памерлага святара ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, каб на малітве дзякаваць Пану Богу за дар святара, які ахвярна служыў сярод іх, а таксама прасіць для яго ласкі Неба.
   
Айцец Пётр Марцінец CMF нарадзіўся 13 мая 1943 года ў Аполі (Польшча). У 1971 годзе скончыў Папскую семінарыю ў Вроцлаве. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 29 чэрвеня 1972 года ў Аполі.