Радасць парафіянаў у Бердаўцы

Актуальна - З жыцця Касцёла

3 кастрычніка б.г. у суботні час пасля поўдня вернікі парафіі з Бердаўкі каля Ліды з самага ранка чакалі прыезду біскупа Аляксандра, святароў і гасцей з суседніх парафій. На працягу апошніх васьмі гадоў на чале са сваім ксяндзом-пробашчам Юрыем Свіслоцкім яны дбайна будавалі новую святыню. Таму настаў дзень, у які ўрачыстае асвячэнне новага касцёла павінна было пакласці пачатак чарговай старонкі гісторыі парафіі ў Бердаўцы.
Вернікі бязмерна радаваліся і з гонарам глядзелі на ўласную святыню. Яе гмах, нягледзячы на сціплае архітэктурнае афармленне, прыцягвае зрок прахожых і падарожных, якія ідуць і едуць па гасцінцы. Касцёл, пабудаваны ля возера ў новай частцы вёскі, стаў сапраўдным аздабленнем тэрыторыі. Зграбная вежа разам з гмахам адной прадаўгаватай навы і дабудаванымі ў франтоне закрыстыямі ствараюць адзіны сакральны аб’ект, які можна залічыць да візітнай карткі Бердаўкі.
Бог узнагародзіў вернікаў гэтай парафіі дарам новай святыні. На працягу бурлівай гісторыі і ў перыяд дзейнасці савецкіх атэістычных уладаў у 40-50-ыя гады XX cт. парафія страціла два касцёлы: старадаўні ў Кірыяноўскім двары, а другі - пастаўлены на сродкі парафіянаў у старой частцы вёскі, які быў зроблены ў “закапянскім” стылі, вельмі распаўсюджаным у той час у Віленскай архідыяцэзіі.
    У 1957 г. касцёл імя Найсвяцейшай Тройцы быў закрыты і разабраны на будаўнічы матэрыял для ўзвядзення мясцовай школы. З таго часу ў вернікаў не было ўласнага касцёла і яны былі вымушаны прыязджаць у Ліду і Ліпнішкі. У 1993 г. парафія адрадзілася дзякуючы старанням вернікаў і атрымала адзін з будынкаў школы, які быў узведзены з будаўнічага лесаматэрыяла ад разабранага касцёла. На працягу 16 гадоў атрыманы будынак служыў парафіяльнай супольнасці разам са сваімі душпастырамі (кс. Станіславам Лугоўскім SDB 1993 – 1999, кс. Юрыем Свіслоцкім з 1999 г. - і па сённяшні дзень).
    3 кастрычніка б.г. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў урачыста новую святыню імя Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы падчас св. Імшы ў 16.00 гадзінаў. На гэтае свята прыбылі шматлікія святары і вернікі з Лідскага дэканата. Касцёл шырока адкрыў свае дзверы. Сярод сабраных панавала нязвыкла цёплая атмасфера ўдзячнасці Богу і людзям, якія мелі дачыненне да будаўніцтва парафіяльнай святыні.
    “Новая святыня для Бога” – гэтымі словамі біскуп Аляксандр на пачатку св. Імшы паказаў ролю і прызначэнне кожнага сакральнага будынка для парафіяльнай супольнасці. Ён заахвоціў вернікаў, каб яны сваёй частай прысутнасцю ў касцёле турбаваліся аб святасці гэтага месца і тут вучылі маладое пакаленне любові да Бога і бліжняга. Пасля словаў прывітання і спецыяльнай малітвы наступіў пажаданы ўсімі момант асвячэння касцёла. Біскуп паблагаславіў і асвяціў гмах, які з тых пор прызначаны для пастаяннай службы Богу і мясцовым вернікам.
    Ксёндз-прафесар Раман Катлімоўскі з ВДС з Гродна нагадаў сабраўшымся ў сваім казанні пра пагрозы для веры, якія паходзяць з-за таго, што не хапае святыняў, веры ў Бога і людзі не клапоцяцца пра бліжніх.
    Кульмінацыйны момант усёй цырымоніі - выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнта для ўшанавання вернікаў. Ля алтара, які быў прынесены з капліцы, запалала вечная лямпа.
    З сэрцаў, поўных удзячнасці Богу за дар жывой і рэальнай прысутнасці Хрыста ў святыні, паплыў урачысты гімн “Цябе Бога праслаўляем”. Як малодшае, так і старэйшае пакаленне дзякавалі Богу: старэйшыя – за тое, што ўдалося захаваць скарб веры і быць удзельнікамі ўрачыстасці, пра якую ў Бердаўцы 20 гадоў таму назад і больш, у сувязі з пануючай атэістычнай сістэмай, ніхто не мог і падумаць. Малодшае пакаленне магло ганарыцца, што ў іх ёсць такая прыгожая святыня – дом для Бога, які з гэтай пары будзе домам для ўсіх вернікаў парафіі, а асабліва для дзяцей і моладзі, якія будуць вяршыць будучыню і клапаціцца пра развіццё сваёй парафіі. Біскуп, святары, мясцовыя праўстаўнікі ўладаў і вернікі сардэчна павіншавалі з узвядзеннем святыні ксяндза Юрыя Свіслоцкага, пробашча парафіі ў Бердаўцы, на плечы якога лёг асноўны абавязак клопату пра будаўніцтва новага касцёла. “Будаўніцтва новай святыні прадаўжалася 8 гадоў і дзякуючы ахвяраванням людзей добрай волі і пастаяннай дапамозе парафіянаў яно было завершана” – зазначыў кс. Ю. Свіслоцкі. Варта падкрэсліць, што гэта другі касцёл на тэрыторыі, які ўдалося кс. Юрыю разам з вернікамі ўзнесці за такі кароткі час. Першы парафіяльны касцёл імя св. Казіміра-Каралевіча – у 2003 г. быў асвечаны ля пасёлка Першамайскі і вёскі Нецеч Лідскага дэканату.
    Мілым акцэнтам заканчэння ўсёй урачыстасці былі супольны фотаздымак і пачастунак, які падрыхтавалі бердаўскія парафіяне для святароў і гасцей.
    Жыццё ідзе наперад і пасля урачыстасці перад парафіяльнай супольнасцю ў Бердаўцы (пасля дасягнутага плёна сваіх высілкаў і турботаў у выглядзе новай святыні) паўстала новае заданне: і далей клапаціцца пра святое месца і ажыўляць яго сваёй штодзённай малітвай.