23 снежня ўсёй супольнасцю мы правялі вігілійны вечар разам з біскупам Аляксандрам Кашкевічам, прафесарамі і супрацоўнікамі нашай семінарыі. Пасля прывітання ўсіх прысутных і супольнага спеву калядак, біскуп запаліў вігілійную свечку, а дыякан асвяціў аплаткі. Затым быў прачытаны ўрывак Евангелля, у якім апісваецца нараджэнне Езуса Хрыста. Ламаючыся аплаткам пад спеў калядных песень, мы складалі ўзаемныя сардэчныя пажаданні, просячы прабачэння за зло, якое зрабілі адзін аднаму.
Калі ўсе селі за вігілійны стол, распачалася артыстычная частка праграмы. Па традыцыі ў гэты вечар у чатырох кутах хаты ставіліся калісьці неабмалочаныя снапы збожжа. Таксама раней верылі, что ў двананаццаць гадзін хатнія жывёлы размаўляюць чалавечай мовай і падслухоўванне такой размовы не прыносіць шчасця. Паводле звычаю патрэбна было пакласці сена пад абрус, якім накрывалі вігілійны стол. Дарэчы, слова “аплатак” паходзіць ад лацінскага слова «oblatum» (ахвярны дар).
†