Місіянерскае кола

Семінарыйная газета

Дарагія Чытачы!
Радасна чакаючы дня беатыфікацыі слугі Божага Яна Паўла II (1 мая г.г.), нагадаем сёння, што Ян Павел II быў вельмі чуйны да праблемаў і патрэб місій сярод народаў. Прысвячаючы місіянерскай праблематыцы ўсю энцыкліку “Redemptoris mission” (“Місія Адкуплення”) “аб пастаяннай актуальнасці місіянерскага паслання”, ужо гэтым фактам ён падкрэслівае важнасць і неабходнасць паслугі абвяшчэння Евангелля тым, хто яго не чуў.
Як жа мы можам удзельнічаць у місіянерстве? Цераз наша духоўнае супрацоўніцтва: маліцца за місіі, ахвяруючы за місіянераў свае пакуты, ствараючы ў сем’ях добрыя ўмовы для абуджэння місіянерскіх пакліканняў у моладзі. Папа заахвочвае маладых адважна адказаць на голас місіянерскага паклікання: “Пане, вось я, гатовы! Пашлі мяне!” (пар. Іс 6, 8). Ім павінны прыйсці на дапамогу ажыўленыя місіянерскім духам таварыствы і маладзёжныя групы ў іх родных парафіях. Таксама Папскія місіянерскія пачынанні – Пачынанне па распаўсюджанні веры, Пачынанне св. Пятра Апостала, Місіянерскае дзяцінства і Місіянерская ўнія – абуджаюць у Божым Людзе пачуццё адказнасці за ўсеагульную місію Касцёла. Пасля гэтага роздуму Ян Павел II разважае пра місіянерскую духоўнасць, якая вынікае з асабістай святасці кожнага верніка. Святы Айцец піша поўныя надзеі словы: “Я бачу світанне новай місіянерскай эпохі, якая стане прамяністым і шчодрым на плады перыядам, калі ўсе хрысціяне (…) адкажуць з велікадушнасцю і святасцю на заклікі і выклікі нашых часоў”.
Усе хрысціяне маюць абавязак дапамагчы Касцёлу. Кожны з нас павінен адчуваць сябе суадказным за місіянерскую дзейнасць. Эфектыўнасць дзейнасці ў місіянерскай сферы залежыць ад сталасці нашай веры і святасці нашага жыцця. А таму добры католік “моліцца за місіі і аб місіянерскім пакліканні, дапамагае місіянерам, сочыць з цікавасцю за іх дзейнасцю”, а калі яны вяртаюцца, то прымае іх з радасцю.
    Заахвочваю кожнага з Вас, Дарагія Чытачы, зацікавіцца справай місіі, шукаць інфармацыю пра сітуацыю Касцёла ў розных дзяржавах свету, маліцца за місіянераў і евангелізаваныя народы. Урэшце да тых сярод Вас, якія на самай справе хочуць стаць братамі бедных, кірую словы заахвочвання падтрымаць місіі матэрыяльным і духоўным “дарам сэрца”. Нагодай да гэтага можа быць Сусветны місіянерскі дзень, які мы будзем адзначаць у нашай дыяцэзіі 16 кастрычніка 2011 г.