Я адкрыў Табе мой грэх

Семінарыйная газета

“Я адкрыў Табе грэх мой і не ўтаіў беззаконня майго. Я сказаў: вызнаю Госпаду злачынствы мае;
і Ты дараваў мне віну граху майго” (Пс 32, 5).
Грэх з’яўляецца таямнічай рэча­існасцю, якая датычыць кожнага чалавека. Нам часта здаецца, што як бы мы не стараліся ўцячы ад знішчальнай моцы граху, нам ніколі не ўдаецца поўнасцю выключыць яго з нашага штодзённага жыцця. Часам ён дакранаецца да нас жорстка, часам “далікатна”, але яшчэ больш знішчальна. І тады ўжо невядома: ці ўцякаць далей, ці паддацца яго моцы? Хтосьці ўцякае, а хтосьці паддаецца...
Пакорнасць граху, як і кожны выбар чалавека, заўсёды нясе за сабой свае вынікі. І гэтыя вынікі заўсёды негатыўныя. Гэта бясспрэчна! Грэх заўсёды з’яўляецца бунтам супраць Бога, вызваленнем з-пад Яго закону любові. Грэх ніколі не можа быць дабром! Бо што ж можа засланіць сапраўднае Дабро? Нішто! Але вернемся да вынікаў і адказнасці за грэх. Мы, людзі, заўсёды шукаем адгаворкі перад самімі сабой, што мы не вінаватыя ў граху, які здзейснілі, што хтосьці нам “дапамог”, што так склаліся абставіны, што мы проста не ведалі, што гэта грэх...
Часам нам удаецца “ўбіць” сабе ў галаву, што мы заўсёды нявінныя, што мы проста адны з самых шчаслівых людзей на зямлі. Мы ствараем вакол сябе ілюзорны свет, свет фальшу, які вельмі часта з’яўляецца самай цяжкай пакутай для нас на ўсё жыццё. Нам не хапае адвагі, каб стаць у праўдзе перад самім сабой і перад Панам Богам, хоць Бог і так усё пра нас ведае, але прызнанне праўды перад Божым абліччам дапамагае нам перайсці мяжу і стаць на баку Вечнай Ісціны. Пераход гэтай мяжы дапамагае нам убачыць сваю слабасць у Божым святле і зруйнаваць наш ілюзорны свет. Толькі тады мы зможам па-новаму ўбачыць сакрамант пакаяння: не як суд над намі, а як крыніцу дапамогі для нас у гэтым свеце, крыніцу ласкі і крыніцу праўды аб нас, таму што “чорнае лепш бачна на белым”. У пакуце, якую прызначае святар, трэба ўбачыць не пакуту, а шанс, каб выправіць уласнае жыццё, трываць у дабрыні і ўзнагародзіць за крыўды, учыненыя бліжнім. Трэба не паддацца расчараванню, а яшчэ адзін раз паспрабаваць пачаць спачатку – з Божай дапамогай.
Вялікі пост з’яўляецца асаблівым часам барацьбы з нашымі слабасцямі, з нашымі грахамі. Учынкі міласэрнасці, малітва, пост – вось сродкі, якія дае нам Касцёл для таго, каб выправіць адмоўныя вынікі граху. Але нам трэба не толькі выправіць зло, але і глыбей пазнаць сябе, каб не вярнуцца на “старую сцежку”. Велікапосныя рэкалекцыі павінны дапамагчы нам пазнаць праўду пра саміх сябе і дапамагчы вярнуцца да Бога, стаць яшчэ бліжэй да Яго Валадарства.
Рэкалекцыі і велікапосную споведзь не трэба і нельга ўспрымаць толькі як традыцыю. Яны заўсёды павінны прыносіць плён. Рэкалекцыі павінны падрыхтаваць нас да сакраманту пакаяння, які мусіць аднавіць нас да прыходу “Вялікага Дня”.

Але для таго, каб сакрамант пакаяння прынёс жаданы плён, трэба выканаць пяць умоў:
1. Рахунак сумлення. Трэба пазнаць зло, у якім мы знаходзімся. Мэта рахунку сумлення – паказаць нам зло, прычынай якога мы з’яўляемся і якое ў нас ужо “пусціла карані”. Можна правесці яго згодна са схемай дзесяці Божых запаведзяў, сямі галоўных грахоў і васьмі бласлаўленняў. Можна выкарыстаць ужо гатовы рахунак сумлення, які знаходзіцца ў малітоўніку ці пададзены ксяндзом рэкалекцыяністам, а моладзь, калі захоча, можа знайсці яго ў інтэрнэце.
2. Жаль за грахі. Калі чалавек не шкадуе за грахі, не хоча вырвацца з путаў зла, то споведзь можна лічыць дарэмнай, таму што чалавеку падабаецца яго грэх.
3. Цвёрдае пастанаўленне выправіцца. Тут гаворка ідзе пра паўстанне з граху, пазбяганне выпадкаў, каб нашая воля атрымала адмоўнае стаўленне да граху, каб чалавек не хацеў больш грашыць.
4. Шчырая споведзь. Прызнанне ўсіх цяжкіх грахоў дакладна, шчыра і ясна. Свядомае ўтойванне цяжкага граху падчас споведзі дадае чалавеку яшчэ адзін грэх – грэх святатацтва. Такая споведзь несапраўдная.
5. Выкананне прызначанай пакуты. Каб аддзячыць Богу за дар прабачэння, святар прызначае пакуту, якую пэнітэнт павінен выканаць. Звычайна пакута малітоўная (Ружанец, літанія, Вяночак). Тады мы выконваем гэтую ўмову і СТОП! А бліжні? Сваім грахом мы ранім не толькі Бога, але і тых, хто знаходзіцца навокал нас. Зло, учыненае бліжняму, павінна быць выпраўлена. Нам вядома, што часта лягчэй адгаварыць некалькі літаній, чым папрасіць прабачэння ў бліжняга. Кожны, напэўна, адчувае, што адной толькі малітвы замала, калі чалавек церпіць, напрыклад, з-за фальшывага даносу на яго аб здрадзе сужэнцу. Гэты грэх выклікаў цяжкія наступствы: пастаянныя сваркі дома, падазрэнні ў сужэнскай нявернасці, а можа нават і распад сям’і... Для чалавека, які ва ўсім гэтым вінаваты, адной толькі малітвы не дастаткова, трэба абавязкова выправіць шкоду. А гэта адна з асноўных умоў сапраўднасці сакраманту пакаяння, аб якой, на жаль, мы часта забываемся ці проста не хочам чуць, бо гэта патрабуе намагання...
Варта таксама памятаць, што Пан Бог ніколі не прыніжае чалавека ў сакраманце пакаяння, а заўсёды ўзносіць і дае сапраўдную хрысціянскую радасць!
Давайце прасіць Бога, каб мы ўсё больш свядома прыступалі да сакраманту пакаяння, выконваючы ўсе гэтыя ўмовы, і тады мы ўбачым, што гэта не ганьба, а сапраўднае ацаленне душы.