Я хачу з радасцю паведаміць, што са згоды біскупа Аляксандра ў нашай дыяцэзіі паўстае новае ДУШПАСТЫРСТВА. З 3 кастрычніка 2010 г. пачне сваю дзейнасць душпастырства журналістаў, працаўнікоў радыё, тэлебачання і інтэрнэту. Падчас сустрэчаў кожнага з нас чакае несамавітая супольнасць веры, малітвы, радасці і адпачынку. Гэта будзе час паглыбленай катэхезы і журналісцкай школы. Новыя магчымасці журналістыкі, роздум над журналісцкай этыкай, агульныя выезды і пілігрымкі абудзяць матывацыю душпастырства гродзенскага Касцёла. Мы разам будзем разважаць над тым, як найлепш зрабіць так, каб Евангелле з дапамогай сучасных мас-медыяў было абвешчана ўсім. Заступнікам нашага душпастырства будзе Божы слуга Ян Павел II, якога часта называлі “Папам мас-медыяў”, які заўжды называў журналістаў сваімі сябрамі.
Разам будзем задумвацца над айцоўскім завяшчаннем Папы, які ў сваіх павучаннях часта гаварыў пра ідэалы, этычныя прынцыпы журналістаў і шматразова даваў канкрэтныя ўказанні для іх рэалізацыі.
†