Згодна з рашэннем біскупаў Беларусі, 2018 год будзем перажываць пад дэвізам “Моладзь – надзея Касцёла і грамадства”. Такім чынам уключымся ў падрыхтоўку да XV Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў, прысвечанай справам маладога пакалення, якая адбудзецца ў Ватыкане ў кастрычніку. Прагнем засяродзіць сваю ўвагу на моладзі, каб дзень за днём у яе ўзрастала захапленне рэчаіснасцю, а праз гэта – глыбокае жаданне дасканаласці, гармоніі і шчасця, якія можна спазнаць толькі ў Богу. А захапляльны лад жыцця ў хрысціянстве можна ўбачыць толькі тады, калі разумець, што Хрыстос – адзіная крыніца, з якой можна атрымаць усю паўнату цудоўнай рэчаіснасці Трыадзінага Пана.
Мы вельмі часта з’яўляемся сведкамі таго, як маладыя людзі адыходзяць ад веры і Бога. Забываюцца пра тое, што ім падорана цудоўнае жыццё.
Не здольны разглядзець прыгажосць гэтага свету, бачаць толькі абмежаванні. Не ўмеюць наладжваць сямейныя сувязі, шанаваць любоў і перажываць цярпенні. Перад намі вялікае заданне – малітва ў інтэнцыі моладзі, каб адкрывала прыгажосць гэтага свету і заўважала ўсё яго духоўнае багацце, каб трывала моцная ў веры, мужна абвяшчаючы Хрыста, і штодзённа рэалізавала сваё хрысціянскае пакліканне.
Варта затрымацца на пачатку новага года ля Езусавых ясляў з нашымі пытаннямі пра ўсё невядомае і пра тое, што напаўняе сэрцы неспакоем. Варта даручыць Богу маладых людзей, якія забыліся пра вечнае і святое.
Дарагія Чытачы!
Пан, які ёсць Слова, дае моц усім, хто Яго прымае. Калі распазнаем і прымем Слова, Усемагутны зробіць нас сваімі дзецьмі і дасць магчымасць радасна і змястоўна перажыць кожны дзень. Жадаю, каб новы, 2018 Панскі год прынёс Вам плён Божай ласкі ў штодзённым жыцці і напоўніў сэрцы сапраўднай радасцю, якая вынікае з упэўненасці, што Стварыцель усіх нас любіць і прагне бачыць шчаслівымі.