Імкнёмся гаварыць новай мовай

Слова рэдактара

Пасля кароткага перапынку мы зноў вяртаемся ў Вашы дамы. На гэты раз у крыху змененай версіі. Нам вельмі важна, каб адзіная каталіцкая газета Гродзенскай дыяцэзіі была сучаснай, прывабнай, вернай і магла па-ранейшаму даходзіць да Вас. Таму імкнёмся гаварыць новай мовай, перапоўнены новымі ідэямі.
    Мы прагнем прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць “Слова Жыцця” цікавым і нешаблонным. Хочам працягваць сведчыць аб хрысціянскай эфектыўнасці, воссю дзейнасці якой заўсёды з,яўляюцца евангельскія каштоўнасці. Хочам данесці гісторыі многіх людзей, для якіх вера, часам здабытая праз гады, стала жыццёвым натхненнем.
Хочам служыць парадай сучасным сем,ям, якія шукаюць адказы на хвалюючыя пытанні. Хочам паказаць наш мясцовы Касцёл: малады, дынамічны, які пастаянна ў дарозе і захапляе сваім гераізмам ды верай. Дзякуючы Вашай падтрымцы мы прагнем надалей евангелізаваць, быць апорай для духоўнага развіцця і фарміраваць наша грамадства. Папа Павел VI у апостальскай адгартацыі “Evangelii nuntiandi” сказаў, што “евангелізацыя – гэта не самая важная задача Касцёла, а адзіная”. Таму лічым за гонар несці іншым Добрую Навіну, бо гэта ўпісана ў тоеснасць кожнага хрысціяніна. Давайце падтрымліваць адзін аднаго духоўна, дзяліцца Словам і разам евангелізаваць!