Зрабіць Каляды шчаслівымі

Актуальна - Слова рэдактара

Падчас надыходзячых свят Божага Нараджэння нас, напэўна, чакае шмат розных сустрэч і нагод, каб наведаць асабліва блізкіх нам асоб.
    Бэтлеемскія пастухі хочуць паказаць, што сапраўды добрымі, радаснымі і павучальнымі з,яўляюцца ў нашым жыцці сустрэчы, на якія мы ідзём разам з Езусам. Так, як гэта зрабілі яны, пакідаючы ўбогую стайню, забіраючы Езуса ў сваіх сэрцах.
Мы як хрысціяне пакліканы і запрошаны па іх прыкладзе несці Езуса ў нашых сэрцах кожнаму чалавеку, якога сустракаем на дарогах свайго жыцця, не толькі падчас свят, але і ў самых празаічных і паўсядзённых сустрэчах.
    Мы ўсведамляем, што самі не накормім усіх галодных, не забяспечым дах над галавой бяздомным, але, уносячы Езуса ў жыццё хоць бы некалькіх патрабуючых, мы дапаможам ім вярнуць сэнс гэтага жыцця. Дапаможам зразумець, што не ўсё страчана ці прайграна, што яны яшчэ могуць падняцца з дапамогай іншых.
    Давайце занясём і падорым Езуса нашым блізкім, сябрам, суседзям, выпадковым людзям, і мы зробім гэтыя Каляды сапраўды шчаслівымі для іх!