Дзе знікла учарашняя нядзеля?

На шляху да святасці

Мы спяшаемся няспынна, забываючыся пра тое, што тыдзень ужо заканчваецца, і чалавек стаіць “на парозе” нядзелі – дня Змёртвыхпаўстання Пана. Чаму нядзельная св. Імша, агульны абед і час, праведзены разам са сваёй сям’ёй, з’яўляюцца “учарашнім днём”? Як сёння выглядае нядзеля,якую “ствараем” мы самі, няўжо ніколі нельга будзе вярнуцца да традыцый, што вядуць да адзінства?
Б’юць званы! Гэта - Божы дзень, калі людзі збіраюцца ў касцёле, каб падзякаваць Творцу за мінулы тыдзень, выпрасіць благаславенне для сям’і і прызнацца ў сваёй веры ў Бога. Нядзеля пачынаецца Эўхарыстыяй, таму што праслаўленне Творцы з’яўляецца самым важным у гэты дзень. Затым: “Паблагаслаў, Божа, нас...” – агульны нядзельны абед, цёплая ўсмешка на твары і ўся сям’я сядзіць за сталом. Гэта ёсць час на тое, каб падзяліцца сваімі праблемамі і расказаць пра свае поспехі, папрасіць прабачэння і падзякаваць сваім блізкім. Проста прыемна праведзены час у акружэнні сям’і! Дзе тая пара, ці яна засталася толькі ў мінулым ці гэта ўжо стала нямодным? Сёння бацькі паказваюць сваім дзецям зусім іншы прыклад таго, як праводзіць нядзелю. Змяніліся каштоўнасці і погляды на жыццё. У сучасным свеце лічыцца чымсьці нармальным, калі бацькі ідуць на працу ў нядзелю або працуюць на дзялцы. Гэта ўжо нікога не здзіўляе! Людзі бачаць сэнс свайго існавання толькі ў тым, што з’яўляецца матэрыяльным. Яны адчуваюць сябе залежнымі ад сваіх кіраўнікоў на працы, лічаць, што ім пастаянна штосьці навязваюць. Нядзеля становіцца для іх днём свабоды, калі яны могуць самі здзейсніць выбар - што зрабіць ім са сваім днём. І менавіта тут усё і пачынаецца.
На пытанне: “Чаму ты праводзіш Божы дзень у магазіне?” найлепшым аргументам з’яўляецца тое, што толькі ў нядзелю я змагу зрабіць удалыя пакупкі. Нават чэргі, што часам заканчваюцца перад крамай, нікому не перашкаджаюць. Калі ж нам нічога не трэба купляць, то ўсё роўна мы ідзём на рынак, таму што ж гэта свабодны дзень і нельга змарнаваць такой нагоды. Ва ўсім гэтым самае найгоршае тое, што часта людзі не разумеюць, што яны робяць штосьці злое. У кожнага ёсць такія стэрэатыпы, паводле якіх чалавек жыве. Наша моладзь, якая вучыцца ў Польшчы, часта вяртаецца шакіраванай тым, што існуюць яшчэ такія людзі, якія шануюць нядзелю і не робяць пакупкаў у гэты дзень. Значыць, ўсё гэта - магчыма. Кожны, хто сустрэўся з чымсьці такім, хоча перанесці такую традыцыю ў свае дамы. Толькі шкада, што чалавек павінен выехаць аж за мяжу, каб зразумець сэнс сёмага дня, а не выносіць гэта са свайго дома. Сёння для нас смешна, што ў нядзелю нельга выкідваць смецця або выразаць што-небудзь. Але ж многія з нас могуць так зрабіць, бо гэта не з’яўляецца такім складаным і немагчымым.
    Назіраючы за жыццём маладых людзей, можна сказаць, што суботні вечар без дыскатэкі – гэта няўдалы вечар. А раніцой ні адзін з іх не падумае пайсці на св. Імшу ў касцёл. Вячэрняя св. Імша не адпавядае ім, таму што рыхтуецца наступная імпрэза. Касцёл павінен падпарадкоўвацца ім. Часам можна пачуць толькі голас старой бабулі, якая гаворыць пра тое, што ў нядзелю трэба пайсці ў касцёл і прысвяціць гэты дзень Богу. А ў адказ на гэта гучыць смех за яе плячамі ці стаіць поўная цішыня. Ёсць яшчэ іншая катэгорыя людзей, якія думаюць, што пойдуць з раніцы ў касцёл з дзецьмі, а ўзамен абяцаюць ім даць цукеркі. І менавіта на гэтым іхні хрысціянскі абавязак заканчваецца. Дастаткова прысвяціць Богу гадзіну часу ў нядзелю, каб быць католікам. А пра тое, каб сведчыць сваімі ўчынкамі аб веры, аб гэтым ніхто не памятае. У нашым жыцці ёсць на ўсё час, апрача Бога. Ён стварыў для нас цэлы свет і аддаў жыццё свайго Сына за нас, а мы не можам цалкам прысвяціць адзін дзень Яму. Пастаянна заклапочаныя, мы шукаем лепшага жыцця, а каб дасягнуць яго, нам не хапае толькі адной нядзелі. Мы хочам трымаць усё ў сваіх руках, разлічваем толькі на свае сілы. Нам не хапае дзіцячага даверу, што знойдзецца час на бульбу, і неабавязкова трэба выкапаць яе раней за суседа. Цяпер не тыя часы, калі магло не быць хлеба ў магазіне. Цяпер у нас ёсць намнога больш магчымасцяў, якія трэба ўмець выкарыстоўваць. Яны не могуць засланіць нашай веры, могуць толькі дапамагчы нам удасканаліцца ў ёй. Хіба, уся праблема заключаецца ў тым, што мы не ўмеем спалучыць штодзённае жыццё з рэлігійным. Няспынна мы вызначаем якіясьці гадзіны прысутнасці Бога ў сваім жыцці. Часта ад уласнага гумару і іншых абставінаў залежыць тое, наколькі мы верым у Бога. Мы выбіраем, што будзе для нас выгадней, шукаем камфорту і хочам ведаць, што сустрэне нас заўтра.
    Паспрабуйце ўпусціць Бога ў нашыя штодзённыя справы, а Ён пакажа нам, як паспець кругом, знайсці час на сям’ю, мець цярплівасць і пакору падчас працы. Неабходна паспрабаваць растлумачыць сваім дзецям, што мы ідзём у касцёл не для таго, каб атрымаць за гэта цукерку, але таму, што менавіта там чакае нас наш Айцец не толькі ў нядзелю, але і ў кожную хвіліну. Мы павінны культываваць традыцыі ў нашых сем’ях, што дапаможа нам сабрацца разам, хоць і патрабуе ад нас пэўных ахвяраў. Нядзеля – гэта дзень адзінства, калі мы павінны быць разам, ацаніўшы належным чынам прысутнасць кожнага. І тое, што наш Божы дзень не бывае такім, як бы хацелася, вынікае з нашай веры. Каб знешняе было прыгожым, неабходна ўсё ўпарадкаваць унутры, пачынаючы ад простых рэчаў. І можа варта паспрабаваць правесці нядзелю па-іншаму, чым да гэтых пор, даць прыгожы прыклад сваім родным, суседзям, знаёмым. Ніколі не позна змяняць свет і самога сябе ў лепшы бок. Дарагі чытач! Ты не ўяўляеш сабе, як гэта можа змяніць усё тваё жыццё! Б’юць званы! Якім будзе гэты дзень? Гэта залежыць ад цябе.