Жыць надзеяй Езуса

На шляху да святасці

Драматычная сітуацыя, выкліканая пандэміяй каранавіруса, з’яўляецца для нас вялікім выклікам і часам выпрабавання. Чуючы ўсё новыя і новыя рэкордныя статыстыкі захворванняў не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце, адчуваем пагрозу, хвалюемся за сваю будучыню і сваіх блізкіх.
Страхі і адсутнасць пачуцця бяспекі зразумелыя. Адно можна сказаць напэўна: мы не можам ім паддавацца. Патрабуем свядомага, поўнасцю свабоднага акту веры ў тое, што Хрыстос, наш Пан і Збаўца, правярае сёння вернасць і любоў кожнага чалавека. Ён прапануе нам “гадзіну міласэрнасці”, каб маглі ачысціць свае сэрцы, паглыбіць матывацыю мілавання і служэння Яму і людзям. Гэта асаблівы час ласкі, каб змаглі ўбачыць, “на колькі нас хопіць і як далёка пойдзем у Яго служэнні і хвале” (св. Ігнацый Лаёла, “Духоўныя практыкаванні”, №322) пры іншых, больш складаных абставінах, чым раней. Гэта таксама вялікі Божы выклік.
Сёння Усемагутны чакае ад чалавека большай грамадскай і духоўнай уцягнутасці, больш моцнай і шчодрай любові да брата і сястры, больш творчай любові. Эпідэмія патрабуе ад усіх выключнай салідарнасці. Мы павінны супрацоўнічаць, у першую чаргу, з тымі, хто ваюе на перадавой. Мусім узняцца вышэй за ўсе ідэалагічныя, экалагічныя, рэлігійныя і палітычныя падзелы. Эпідэмія дае шмат нагод для роздуму. Яна павінна стаць відавочным знакам Бога!
    Наша самая важная задача падчас эпідэміі – шчырая і шчодрая малітва: асабістая і супольная. Гэта яна дае суцяшэнне, супакой, разуменне жыцця, адкрытасць на яго. Мы не з’яўляемся гаспадарамі лёсу: ні ўласнага, ні бліжніх. Ён не належыць нам. “Божа, ты Пан усяго, і няма нікога, хто б супрацьстаяў Табе” (Эст 4, 17). Жыццё з’яўляецца чыстай ласкай і дарам. Мы ў Божых руках, і менавіта зараз – падчас эпідэміі – пачынаем лепш гэта разумець, цаніць, заўважаць.
    Мы ўсё больш усведамляем, што пасля эпідэміі павінны будзем прыкласці вялізныя чалавечыя і духоўныя намаганні, каб вярнуцца – калі Пан Бог дазволіць – да нармальнага асабістага, сямейнага, грамадскага, прафесійнага і касцёльнага жыцця. Гэта запатрабуе ад нас не толькі шматлікіх ахвяр, але, найперш, глыбокай рэфлексіі над жыццём, калі мы часта без усялякіх абмежаванняў прымаем усё, што нам прапануе цывілізацыя.
    Будзем жыць надзеяй, надзеяй Езуса, бо маем на гэта права, і ніхто яго ў нас не адбярэ. Няхай гэтая надзея ўносіць у нашы сэрцы ўпэўненасць, што Бог можа ўсё перамяніць на лепшае, бо нават з магілы здабывае жыццё.