Аддай сябе Богу!
На шляху да святасці
Калі страх аб тым, што надарыцца можа, твой розум і сэрца ахопіць, Прыпомні тады словы Езуса тыя, што Ён сваім вучням прамовіў: “А людзі млець будуць ад жаху й трывогі, чакаючы, што на свет прыйдзе” – Аддай сябе Богу, Марыі даверся, бо мы на зямлі пілігрымы! †
Калі шквал праблем, пільных спраў і хваробаў падасца табе невыносным,
Адчуешся, нібы ў запрэжцы мурашка, тады прыгадай словы Псальма:
“Калі ўся зямля пахіснецца ў аснове, што можа зрабіць справядлівы?” –
Аддай сябе Богу і мужна змагайся: за ўласнае б’емся збаўленне!
Калі закране цябе зло альбо здрада і згубіш зямлю пад нагамі,
Калі пашкадуеш, што ўсё яшчэ жыў ты, успомні, што ў Псальме пяецца:
“Устрывожаны я, ад маркоты стаміўся, бо свет ненадзейны і лжывы!” –
Аддай сябе Богу, далей кроч адважна: Пан узмоцніць слабыя калені.
Калі твае немач і грэшнасць, як хмара, заслоняць дабро ўсё і Бога,
А бездапаможнасць душу запалоніць, узгадай тады, як Езус кажа,
Што людзі ўскрыкнуць: “Пападайце, горы! Схавайце нас ад гневу Пана!” –
Аддай сябе Богу з любоўю і скрухай: Ён збавіць цябе, Ён ласкавы!