Абавязкі бацькоў перад сваімі дзецьмі не заканчваюцца толькі нараджэннем іх на свет. Праз сакрамант шлюбу Касцёл даручыў ім місію хрысціянскага выхавання. На іх плечы ўскладвае навучанне і вядзенне дзяцей на шляху збаўлення. Бог удзяляе бацькам асаблівыя ласкі і харызмы, каб яны маглі найлепшым чынам падрыхтаваць сваіх дзяцей да самастойнага развіцця і самастойнай дарогі да збаўлення. †
Рэлігійнае выхаванне дзіцяці Паводле ІІ Ватыканскага сабору, выхаванне накіравана не толькі на поўнае развіццё чалавечай асобы, але, перш за ўсё, на тое, каб ахрышчаныя, якія паступова знаёмяцца з таямніцай збаўлення, з кожным днём усё больш усведамлялі атрыманы дар веры. Больш за тое, каб, усведамляючы сваё пакліканне, яны сведчылі аб надзеі, якая ёсць у іх, і каб дапамагалі фарміраваць свет па-хрысціянску (параўн. Дэкларацыя аб хрысціянскім выхаванні, 2).
Нельга абмяжоўваць рэлігійную фармацыю дзіцяці адпраўкай “да касцёла”. Недастаткова таксама яго прысутнасці на катэхезах. Бацькі сваім прыкладам і словам павінны скіраваць дзіця да Хрыста і навучыць весці сяброўскі дыялог з Ім, пастаянна адказваць на заклік Бога. Навучаючы дзіця быць верным Божым запаведзям і наказам сумлення, бацькі мусяць падрыхтаваць яго да пастаяннага выканання Божай волі і да рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання. Усе формы бацькоўскага ўплыву на дзіця павінны быць накіраваны на тое, каб яно вучылася жыць для іншых і такім чынам імкнулася да дасягнення вечнага збаўлення.
Кантакт з Богам Каб дзіця магло з даверам звяртацца да Бога, мусіць Яго добра ведаць. Таму бацькі павінны шмат расказваць яму пра Бога, пра Езуса Хрыста. Вельмі важна знаёміць дзіця з Евангеллем з самага ранняга ўзросту, распавядаць пра падзеі з жыцця Езуса і падкрэсліваць Яго дабрыню, вялікую любоў да Айца і да людзей.
Неабходна пераканаць сваё дзіця, што Хрыстос надалей жывы і што з Ім можна заўсёды пагаварыць. Вучыць дзіця пастаяннаму кантакту з Богам – значыць уводзіць яго ў малітоўны дыялог з Ім, які выходзіць за межы паўтарэння малітоўных формул. Хоць завучаныя на памяць малітвы таксама маюць сэнс, яны не могуць стаць адзінай формай размовы з Богам. Таму бацькі павінны навучыць сваіх дзяцей гаварыць з Панам уласнымі словамі, напрыклад, дзякаваць Яму за перажытае цягам дня, прасіць Яго і перапрашаць за памылкі. Можна заахвочваць іх ахвяраваць Збаўцу нейкія непрыемнасці, каб сфарміраваць дух ахвяры і жаданне ўдзельнічаць у збаўчай справе Езуса. Прыклад асабістай размовы з Богам, дадзены бацькамі, дапаможа дзіцяці наладзіць сапраўдны асабісты дыялог з Ім.
Яшчэ вельмі важна ўвесці дзяцей у разважанне літургічных перыядаў, напрыклад, рыхтуючы адвэнтавыя ці велікапосныя ўпрыгажэнні і г. д., а таксама спасылаючыся на іх у малітвах. Трэба вучыць дзяцей належным чынам рыхтавацца да св. Камуніі і сакраманту паяднання, а ў хваробах і няўдачах злучацца з пакутуючым Хрыстом.
Маральнае развіццё дзіцяці Сямейнае асяроддзе аказвае вельмі моцны ўплыў на дзіця, распрацоўвае ў ім розныя спосабы ацэнкі, прапануе мадэлі паводзін. Вельмі верагодна, што дзіця будзе ставіцца да іншых так, як бацькі ставіліся да яго. Мадэллю абыходжання з людзьмі з’яўляюцца для дзіцяці таксама адносіны бацькоў адзін да аднаго: зычлівыя, чулыя або неахвотныя, зламысныя.
Бацькі павінны ведаць, з кім праводзіць час іх дзіця. Яны самі мусяць паклапаціцца, каб сваім прыкладам адносін паміж сабой, да іншых людзей і да дзіцяці навучыць яго паважаць каштоўнасць іншага чалавека, уважліва слухаць яго, суперажываць яго перажыванням, ставіцца да яго сур’ёзна і г. д. Яны таксама павінны моцна кантраляваць уласныя выказванні пра іншых людзей, асабліва ў прысутнасці дзіцяці, напрыклад, добра гаварыць аб адсутных, падкрэсліваць перавагі, а не толькі недахопы бліжніх, пра кожнага казаць з павагай. Словам і прыкладам бацькі вучаць сваіх дзяцей альбо любіць і паважаць Бога і бліжняга, альбо не паважаць і ставіцца з абыякавасцю ці нават грэбаваць.
Для фарміравання правільнага стаўлення важна паказваць дзіцяці адпаведныя станоўчыя прыклады высакародных людзей. Напрыклад, Хрыста, розных святых і нават персанажаў фільмаў, кніг і г. д. Пасля прагляду фільма або прачытання кнігі бацькам варта пагаварыць з дзіцём, навучыць яго заўважаць дабро і адкідваць зло.
Нагодай для рэлігійнай гутаркі можа паслужыць кожная пропаведзь, удзел у катэхезе ці важная падзея ў жыцці сям’і. Для малодшых дзяцей вялікай дапамогай з’яўляюцца адпаведныя ілюстраваныя кнігі, такія, як Святое Пісанне з малюнкамі. Праглядваючы з дзецьмі малюнкі, бацькам варта гаварыць з імі, задаваць пытанні і растлумачваць, каб сфарміраваць адпаведныя маральныя паставы. Яны мусяць унесці свой уклад у тое, каб іх сыны і дочкі ў любой жыццёвай сітуацыі ішлі за Хрыстом, дзейнічалі, думалі, ацэньвалі і адчувалі так, як Ён. Яны самі для сваіх дзяцей павінны быць вернай копіяй ахвярнага Збаўцы, які ў сваім жыцці кіраваўся выключна любоўю да Айца і да братоў.
Пастава бацькоў з’яўляецца для дзяцей першым і самым значным узорам паводзін у кожнай сферы жыцця. Малыя назіраюць за рэлігійнымі паставамі бацькоў у штодзённым жыцці і выпрабоўваюць іх. Таму варта быць праўдзівымі і згоднымі з верай у тым, што робіце ў кожнай сферы, каб даваць добры прыклад жыцця.