“Пане, навучы нас маліцца” – пра вобраз Бога і змены ў малітве “Ойча наш”

Роздум - На шляху да святасці

“Ойча наш” належыць да асноўных хрысціянскіх малітваў. Зусім нядаўна, 6 кастрычніка, у Літургіі слова можна было пачуць фрагмент Евангелля паводле св. Лукі, у якім адзін з вучняў звярнуўся да Езуса са cловамі: “Пане, навучы нас маліцца”. У адказ на гэтую просьбу Пан Езус прамовіў узгаданую малітву. У ёй Бог прапануе адносіцца да Яго як да Айца, Таты. Ці такі вобраз Усемагутнага маем у сваім розуме і сэрцы?
Характар нашых зваротаў да Бога непасрэдна звязаны з тым, як мы сабе ўяўляем Таго, да каго звяртаемся. Ці Бог для нас Тата, які клапоціцца, бачыць патрэбы, ці Айцец, які хоча пакараць за непаслухмянасць? Пытанне пра бачанне Бога чалавекам часта паўстае ў кантэксце малітвы. Кс. Аляксандр Жарнасек, прапаведнік і рэкалекцыяніст, узгадвае, што тэма вобраза Бога ў веры ад нейкага часу стала папулярнай. Прычыны існавання гэтай праблематыкі святар бачыць у тым, што вобраз Бога мы будуем, абапіраючыся на людскія прыклады, у тым ліку на досвед з дзяцінства.
“Падчас майго навучання ў Польшчы ў малітоўных ці студэнцкіх групах пастаянна паўставала праблема вобраза Бога, бо па-свойму моладзь была параненая, асабліва дзяўчаты. Калі чалавек «паранены», то на Бога Ён глядзіць з перспектывы свайго жыцця. Найбольш у таце маюць патрэбу дзяўчыны. Хлопцы таксама, канешне, але найбольш балюча адсутнасць таты перажываюць менавіта дзяўчаты. І калі ён быў алкаголікам ці тыранам, то спрацоўваюць псіхалагічныя ўстаноўкі – і Бог успрымаецца так жа. Выходзіць, што праблема вобраза Бога ўзнікае тады, калі людзі паходзяць з дысфункцыйных сем’яў альбо маюць балючую гісторыю”, – лічыць кс. Аляксандр.
    На вобраз Бога ў перакладзе малітвы “Ойча наш” звярнуў увагу папа Францішак. Святы Айцец прапанаваў фармулёўку “І не ўводзь нас у спакусу” змяніць на “Не дай нам падацца спакусе”. 30 студзеня мінулага года ў Італіі выйшаў Імшал з абноўленай малітвай.
    Новым зменены выраз назваць нельга. “І не ўводзь нас у спакусу” з’яўляецца правільным перакладам грэчаскага слова “peirasmos”. У той жа час не адзіным, як гэта часта бывае з тлумачэннем розных выразаў у Бібліі. Таксама ў трэцім выданні г. зв. Бібліі Тысячагоддзя з 1980 года і ў далейшых выданнях гэтага перакладу чытаем: “nie dopuść, abyśmy ulegli pokusie”. Акрамя таго, у польскім Лекцыянарыі – адкуль бярэцца Літургія слова для св. Імшы – з 1991 года ў Евангеллі паводле св. Мацвея знаходзіцца ўзгаданая вышэй фармулёўка.
    Змену папа Францішак тлумачыць, адносячыся да вобраза Бога як клапатлівага Айца: “Не дай мне паддацца спакусе, таму што гэта я паддаюся ёй, а не Бог вядзе мяне ў спакусу, а потым назірае, як я падаю. Айцец так не робіць, айцец дапамагае табе адразу ўстаць”.
    Кс. Аляксандр Жарнасек звяртае ўвагу на тое, што ў Бібліі мы сустракаем моманты, калі Бог дапускае спакусу: “Ёсць паняцце граху: калі чалавек грашыць і дапускае дзеянне злога, сам паддаецца на спакусы. А ёсць такі момант, калі Гасподзь дазваляе злому выпрабоўваць нас для ўмацавання веры. Гэта асобная тэма. Пісанне кажа, што Бог не выпрабоўвае нас звыш нашых сіл, але ўсё ж выпрабоўвае. І апостал Пётр будзе пра гэта пісаць”.
    На думку святара, Святы Айцец тэалагічна правільна перадаў сэнс малітвы “Ойча наш”: “У словах мы заўсёды молімся «Не ўводзь нас у спакусу», але маецца на ўвазе, што не Бог нас уводзіць у спакусу, а мы самі ўваходзім”.
    У той жа час рэкалекцыяніст звяртае ўвагу на практычны бок змен, таксама і ў беларускім кантэксце: “Гэта пытанне нейкай ужо традыцыі, якая ёсць у Касцёле на працягу стагоддзяў, традыцыі літургічнай. Напрыклад, у нас ніяк не могуць прывыкнуць маліцца па-беларуску, бо ўвесь час маліліся па-польску, а тут трэба будзе «Ойча наш» памяняць. Ці гэта аж такая балючая тэма, што патрабуе такіх вось рэсурсаў? Думаю, што не”.
    У кантэксце праблематыкі параненасці ўведзеныя пакуль яшчэ ў некалькіх краінах змены могуць дапамагчы ў будаванні сувязі чалавека з Богам. Важна, каб тэксты малітваў спрычыняліся да адкрывання Створцы як міласэрнага і любячага Айца, Таты. Датычыць гэта не толькі асноўных і найбольш вядомых малітваў, але і рэгіянальных, характэрных для асобых краін. Адваротным прыкладам можа быць папулярная ў польскім і ў польскамоўнай частцы беларускага Касцёла песня “Сардэчная Маці”. У ёй спяваем такі радок: “Калі Айцец разгневаны сячэ”. Такі змест і тэалагічна, і духоўна з’яўляецца няправільным.
    На пытанне, наколькі такія тэксты ўплываюць на будаванне вобраза Бога, кс. Аляксандр адказвае так: “Цяжка мне сказаць, ці аж так уплываюць на наша бачанне Бога песні. Магчыма, людзі параненыя звяртаюць увагу. Можа, датчыкі ўключаюцца дадатковыя. Я проста задаваў бы пытанне пра логіку гэтых песень, пра адэкватнасць і сэнс слоў, якія спяваем. Нават пытанне не ў тым, ці ўзбагачаюць яны ці нішчаць нашу духоўнасць, а ў тым, ці ўвогуле ёсць сэнс у гэтых словах. Ну, і пытанняў будзе шмат”.